Ці быў Машэраў сапраўдным героям?


«Моцны гаспадарнік», ён прайшоў праз палон, пакуты і боль, стаўшы легендарным партызанам, а пасля вайны ўзначаліў краіну на цэлых 15 гадоў. Сёння Пятру Машэраву, першаму сакратару камуністычнай партыі Беларускай савецкай сацыялістычнай рэспублікі, споўнілася б сто гадоў. Жыццё і смерць чалавека, які амаль зліквідаваў выкарыстанне беларускай мовы, насычанае міфамі і супярэчнасцямі.

Сто гадоў з дня нараджэння Пятра Машэрава. Вёска Шыркі, дзе нарадзіўся будучы Герой Савецкага Саюзу і Сацыялістычнай Працы, цяпер выглядае закінутай. Але памяць жыве – узгадваючы пра аўтааварыю, падчас якой загінуў знакаміты зямляк, апошні мясцовы жыхар і цяпер не можа стрымаць эмоцыяў.

«Машына выскачыла з бульбай. Гэтыя аддаліліся… Ці было падстроена, не ведаю… Не магу ўжо гаварыць – у мяне слёзы ў вачах, прабачце», – кажа жыхар вёскі Шыркі Анатоль Глебчанка.

Добраахвотнік на фронце падчас Другой сусветнай, Машэраў прайшоў праз палон, уцёк і ўзначаліў партызанскі атрад. У шэсцьдзесят пятым стаў кіраўніком БССР і заваяваў імідж «моцнага гаспадарніка».

Аднак пры Машэраве ж адбывалася вынішчэнне палескіх балотаў. Праз канцэнтраванне прамысловасці ў сталіцы непамерна ўзрасла яе значнасць.

«У той час занепадалі такія гарады, як Наваградак. Трэба было ствараць Наваполацк, каб заняпаў які-небудзь Жалудок, каб заняпала Казлоўшчына, каб заняпаў Лагішын, каб заняпалі дзясяткі былых раённых цэнтраў», – распавядае гісторык Анатоль Сідарэвіч.

Хоць і савецкую, але Беларусь Машэраў узначальваў цягам пятнаццаці гадоў. Даўжэй – толькі Аляксандр Лукашэнка. Які, дарэчы, у дзве тысячы пятым адабраў у аднаго з праспектаў сталіцы прозвішча свайго былога калегі. Імя Машэрава, што праўда, ужо цягам дваццаці гадоў носіць Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт. Аднак ці ведаюць жыхары гораду, кім ён быў?

Жыхары Віцебску

«Пісьменнік нейкі ці мастак – нехта такі».

«Выкладаў, здаецца, у педінстытуце».

«Прозвішча знаёмае, а вось, што менавіта, Машэраў..».

«Наш знаны партызан».

«І займаўся кіраўніцтвам краіны пад назвай БССР».

«Ён быў героем Беларусі, якім Беларусь можа ганарыцца».

Аднак ці могуць ганарыцца беларусы як нацыя? Пры кіраванні Машэрава адбывалася згортванне беларускага школьніцтва. Сам ён ніколі не прамаўляў публічна па-беларуску.

«Мазураў, ён, Кісялёў, апошнія кіраўнікі Беларусі, яны адзін за адным з 56-га года стаялі, яны маглі, у лепшым выпадку, абараняць інтарэсы насельніцтва Беларусі, але ні ў якім разе не інтарэсы беларускага народу – гэта быў бы нацыяналізм у вачах Крамля», – адзначае гісторык Анатоль Сідарэвіч.

Загінуў Пётр Машэраў у тысяча дзевяцьсот васьмідзясятым у аўтакатастрофе – чацвёртага кастрычніка на трасе Масква-Менск «Чайка» кіраўніка БССР сутыкнулася з грузавіком з бульбаю. Паводле ягонай дачкі, аварыя была невыпадковая.

Лола Бурыева, «Белсат»