Гарадзенскі актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Яўген Дудкін распачаў збор подпісаў за наданне святу Дзяды статусу дзяржаўнага, што аўтаматычна зробіць яго выходным днём. Пакуль справа ідзе не надта хутка – сабралі крыху больш за 100 подпісаў. Аднак Яўгена цяжкасці не пужаюць.
Яўген Дудкін, грамадскі актывіст, БХД, распавядае:
«Свята патрэбнае не толькі каталікам, але і ўсім беларусам, якія любяць сваю гісторыю, памятаюць аб продках. І ім патрэбна ўзмацняць сямейныя каштоўнасці».
З 1991-га года да 95-га Дзяды ўжо былі дзяржаўным святам, аднак яго адмянілі пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі. Асабліва цынічна выглядае той факт, што замест традыцыйнага для ўсёй краіны свята вярнулі савецкую завядзёнку адзначаць 7-га лістапада. Андрэй Кулік, Віцэ-дэкан Глыбоцкага дэканату:
«Гэта таксама рэлігійнае свята. І вельмі шкада, што мы неяк так легкадумна да гэтага паставіліся, што тое, што Дзяды – дзень памінання ўсіх святых – як дзяржаўнае свята адмянілі. Мы, неяк можна сказаць, праспалі гэты момант».
Дзяды, як адзначаюць самыя святары, ужо даўно ўліліся ў хрысціянскую традыцыю, хоць і маюць паганскія карані: гэта дзень памяці ды малітвы за памерлых. Напрыклад, хоць у грэка-каталіцкім календары Дзяды як свята адсутнічаюць, вернікі ўсё ж карыстаюцца гэтым днём, каб пайсці на могілкі. Айцец Андрэй Крот, грэка-каталіцкі святар:
«Канечне было б добра, каб гэта быў дзень вольны ад працы, каб людзі маглі наведаць могілкі свае. Бо наведанне могілак на Дзяды – гэта не столькі нейкая хрысціянская ці паганская традыцыя, колькі агульначалавечая – прыбраць магілы перад надыходам зімы. Ну, і мы, хрысціяне, спалучаем гэтую традыцыю з малітваю».
У той жа момант найбольш важнае святкаванне Дзядоў для каталікоў. Гэтак, 1-га лістапада яны адзначаюць Дзень усіх святых, а 2-га – Дзень памяці памерлых, Дзяды. Гэтыя два дні зрабіць выходнымі і заклікаў летась каталіцкі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. А як да гэтай ініцыятывы ставяцца звычайныя беларусы? Жыхары Менску:
«Гэта нашая памяць, нашае родавае дрэва. Мы павінныя памятаць тых, хто калісь быў з намі і пакінуў нас. Таму я думаю, што будзе цудоўна, калі будзе выходны».
«Гэта мусіць быць выходны. Бо ўсе родныя памерлых павінныя ў гэты дзень быць каля сваіх блізкіх».
«Дзяды – гэта дзень нашых блізкіх, нашых родных, нашых знаёмых, усіх. Павінен і толькі павінен быць!»
Дзяды глыбока ўкаранёныя ў традыцыях і свядомасці беларусаў: ці шмат у нашым календары святаў, услаўленых літаратурнымі геніямі? А пра паэму Адама Міцкевіча «Дзяды» ведаюць нават далёка за межамі Беларусі. У той жа момант гэта не толькі глабальнае свята. Андрэй Кулік, Віцэ-дэкан Глыбоцкага дэканату:
«Пытанне наведання могілак на Дзень усіх святых – гэта важнае пытанне. Бо яно звязвае нас з нашымі каранямі, нашымі продкамі, нашаю Радзімай урэшце. Асабліва цяпер гэта важна, калі шмат людзей выязджаюць у гарады, губляюць гэтую сваю тоеснасць».
Страта тоеснасці для сучаснай Беларусі – гэта не толькі лакальная праблема: чыноўнікі каторы год б’юцца над стварэннем больш-менш жыццяздольнай дзяржаўнай ідэалогіі. Але ж да ідэі браць за аснову шматгадовы пласт нацыянальных традыцыяў і гісторыю яны пакуль не дайшлі.
Зміцер Міцкевіч, belsat.eu