Ці адсудзіць Украіна Крым і Данбас?


У нідэрландскай Гаазе, у Міжнародным судзе Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў, другі дзень слуханняў, на якіх Украіна абвінавачвае Расею ў фінансаванні тэрарызму. Кіеў, сярод іншага, спрабуе давесці, што найноўшыя ўзоры расейскага ўзбраення зʼявіліся ў руках данбаскіх сепаратыстаў пры дапамозе Масквы. Расейскі бок сцвярджае, што, маўляў, большасць зброі паўстанцы знайшлі ў шахтах Данбасу.

За сценамі суда сваякі ахвяраў рэйсу MH-17 зладзілі дэманстрацыю

Летась у верасні следча-аператыўная група, якая складаецца з прадстаўнікоў шасці краінаў пад кіраўніцтвам Нідэрландаў, давяла, што малайзійскі лятак збілі ракетаю расейскай вытворчасці, якая належала Расеі ды запуск якой ажыццявілі прарасейскія сілы.

Але расейскі прадстаўнік на судзе толькі паўтараў агучаную раней крамлёўскімі ўладамі версію: усе абвінавачанні ў збіцці «Боінга» з 298 асобамі на борце – палітычна матываваныя і неабʼектыўныя.

Украіна хоча, каб Расею прызналі спонсарам тэрарызму

Але пытанне рэйсу MH-17, усё ж, не тэма слухання. У межах працэсу Украіна хоча дамагчыся, каб Расею прызналі спонсарам тэрарызму ды вінаватай у расавай дыскрымінацыі татарскай меншасці ў Крыме. Кіеў хоча юрыдычна замарозіць магчымасць пастаўляць данбаскім сепаратыстам зброю, дапамагаць грашыма, абсталяванне ды трэнінгамі.

Аднак эксперты звяртаюць увагу, што пастановы Міжнароднага суда ААН – канчатковыя і не могуць быць абскарджаныя, але не стае інструментаў, каб забяспечыць іх выкананне. Гісторыя памятае прыклады, калі магутныя краіны проста ігнаравалі рашэнні ўстановы або байкатавалі слуханні ў сваіх справах.

Ігар Кулей, «Белсат», Jerry Lampen / Reuters / Forum