Трамп прыгразіў навесці парадак у Венесуэле. Як адрэагавалі ў Каракасе


Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп не выключае магчымасці правядзення вайсковае аперацыі ў Венесуэле, дзеля развязання палітычнага крызісу, які можа перарасці ў грамадзянскую вайну.

«Венесуэла не месціцца вельмі далёка. І людзі там пакутуюць і паміраюць. Так што мы маем шмат розных варыянтаў дзеля развязання гэтага пытання, у тым ліку і вайсковы, калі гэта спатрэбіцца», – заявіў Доналд Трамп.

У Пентагоне кажуць, што не атрымлівалі нейкіх адмысловых загадаў аб падрыхтоўцы да вайсковае інтэрвенцыі. У той жа час у ведамстве падкрэслілі, што калі будзе такая патрэба, то падтрымаюць намаганні адміністрацыі Белага Дому па абароне нацыянальных інтарэсаў ЗША. У Венесуэле ж заява Трампа выклікала абурэнне.

«Гэта самая сурʼёзная пагроза, якая калі-небудзь гучала супраць суверэнітэту і незалежнасці Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла. А неадкладная рэакцыя Дзярждэпартаменту ЗША, які сказаў, што не атрымліваў ніякіх інструкцыяў ад Трампа датычна гэтае сітуацыі, сведчыць пра падзел, які пануе ў амерыканскім урадзе», – адзначыў міністр камунікацыі Венесуэлы Эрнэста Віллегас.

Венесуэльскі палітык дадаў, што словы амерыканскага лідара даюць падтрыманне пратэстоўцам ды запальваюць «зялёнае святло» на ўжыванне імі гвалту. Тым часам у Каракасе апазіцыйныя венесуэльскаму прэзідэнту Мадура палітычныя лідары дамовіліся правесці чарговыя акцыі пратэсту ў сталіцы.

«Гэта змаганне не за парламентарыяў, не за некаторых мэраў, не за нейкіх губернатараў ці прэзідэнтаў, і нават не за нейкія партыі, гэтая барацьба за народ Венесуэлы, які хоча лепшай будучыні. Нашыя прынцыпы вельмі ясныя, а наш заклік выйсці на вуліцы абсалютна мірны», – заявіў апазіцыйны лідар Хуан Андрэс Мэхія.

Акрамя палітычных пытанняў выхад венесуэльцаў на вуліцы абумоўлены значным падзеннем узроўню жыцця. Сёлета гаспадарка краіны «прасядзе» на чарговыя 7-10%. У Венесуэле не стае харчоў і тавараў першай неабходнасці. Днямі ў самай багатай на запасы нафты краіне скончыўся газ. Людзі вымушаныя перайсці на дровы

Што да палітыкі, то новы віток супрацьстаяння паміж прэзідэнтам Венесуэлы і апазіцыяй разгарэўся пасля таго як Нікаляс Мадура дэ-факта ўзурпаваў уладу ў краіне, правёўшы выбары Канстытуцыйнае Асамблеі, якая адабрала ўладу ў законна абранага парламента. Арганізацыя Амерыканскіх нацыяў раскрытыкавала дзеянні прэзідэнта. Але Мадура ўсё роўна абвесціў Асамблею галоўнай сілай у краіне.

Пасля гэтага спрэчнага кроку Мадура беспаспяхова шукаў палітычнага падтрымання суседніх краінаў, і нават абвесціў аб жаданні паразмаўляць з прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам. Аднак у Белым Доме такую магчымасць дапусцілі толькі пасля аднаўлення дэмакратыі ў Венесуэле.

Ігар Кулей, belsat.eu