Трамп прагне канчатковага развязання паўночнакарэйскай праблемы


З кветкамі да гіганцкіх статуяў Кім Ір Сэна і Кім Чэн Іра – прыйшлі сёння жыхары сталіцы Паўночнай Карэі: у Пхеньяне святкуюць 85-ую гадавіну з дня заснавання карэйскай арміі.

«Я пачаў рыхтавацца да свята яшчэ некалькі дзён таму. А сёння я тут разам з жонкай, і мы вельмі радыя», – дзеліцца патрыятычным натхненнем афіцэр з КНДР.

Але не ўрачыстасцямі адзінымі

У дзень народзінаў сваёй арміі Паўночная Карэя правяла маштабныя вайсковыя вучэнні з артылерыйскай стралянінай – найбуйнейшай у гісторыі краіны.

«Цяпер, калі ЗША выцягнулі свой меч, каб забіць нас, мы таксама выцягваем наш вялікі меч правасуддзя і будзем змагацца да канца. Мы будзем забіваць амерыканскіх імперыялістаў разам з нашым моцным урадам», – упэўнена заклікае нацыю дыктар дзяржаўнага ТБ у КНДР.

ЗША перакідваюць флот да берагоў Карэі

Адным моцным ударам паўночнакарэйскае кіраўніцтва паабяцала знішчыць і амерыканскі авіяносец «Карл Вінсан», які разам з групай караблёў ужо каля берагоў Паўночнае Карэі і да якога сёння далучылася субмарына «Мічыган». Пра неабходнасць раз і назаўжды развязаць праблему КНДР напярэдадні заявіў Доналд Трамп, які сёння склікаў экстраннае паседжанне ў Белым доме з удзелам усіх сенатараў ЗША.

«Рада Бяспекі ААН мусіць быць гатовая ўвесці дадатковыя санкцыі ў дачыненні Паўночнай Карэі, каб супрацьдзеяць паўночнакарэйскай ядравай праграме і праграме вырабу балістычных ракетаў. Гэта рэальная пагроза свету, хочам мы казаць пра гэта ці не. Паўночная Карэя – вялікая праблема ў свеце, людзі дзесяцігоддзямі заплюшчвалі вочы на гэтую праблему, але гэтую праблему мы мусім нарэшце вырашыць», – даводзіць сваю пазіцыю прэзідэнт ЗША.

Развязаць праблему КНДР сёння спрабавалі і ў Токіа

Падчас сустрэчы афіцыйных дэлегацыяў Японіі, Паўднёвай Карэі і ЗША гэтыя краіны дамовіліся ўзмацніць ціск на Пхеньян.

«Калі Паўночная Карэя працягне правакацыі, нягледзячы на нашыя папярэджанні, мы пагадзіліся прыняць рашучыя захады, якім Пхеньян не зможа супрацьстаяць», – прыгразіў прадстаўнік МЗС Карэі Паўднёвай.

Аднак сам Пхеньян не баіцца ані санкцыяў, ані ваеннага ціску ды пагражае нанесці па праціўніках прэвентыўныя ўдары ў адказ і надалей праводзіць ядравыя выпрабаванні і старт ракетаў.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Matt Brown / U.S. Navy / Zuma Press / Forum