Трагедыя жабінкаўскіх вяскоўцаў – масава гінуць свінні


У Жабінкаўскім раёне Берасцейскай вобласці вяскоўцы б’юць трывогу: масава гінуць свінні! Ветэрынары не спяшаюцца абвяшчаць эпідэмію, але напярэдадні папярэджвалі мясцовых жыхароў пра магчымасць свіной чумы. Што ж там адбываецца? Высвятляў Міхась Ільін.

Жыхарка вёскі Азяты Жабінкаўскага раёну Надзея скардзіцца, што тут з чэрвеня масава гінуць свінні:

«Што ўлады кажуць? Нічога: «Дабівайце, даразайце».

Надзея кажа:

«Дактары хваробу не ўсталявалі. Свінні дохнуць, мы іх таксама выразаем. Я, напрыклад, ужо чацвярых зарэзала. Адзін вялікі падох, адныя парсючкі засталіся».

Прычынаў эпідэміі ніхто не ведае. А можа, ведае, але не хоча казаць?

Мясцовыя наракаюць на свінакомплекс Жабінкаўскага камбікормавага заводу, што непадалёк. А дакладней – на адкіды, якія выкідаюцца побач з вёскаю.

«Я думаю, што гэта звязана з комплексам, бо гэтую жыжу, гэтыя антыбіётыкі выліваюць наўпрост за вёскаю. Смурод невыносны!» – дадае жыхарка вёскі Азяты Надзея.

Як высветлілася, свінні гінуць не толькі ў вёсцы Азяты. Яшчэ як мінімум у вёсцы Старое Сяло і ў вёсцы Сычова, дзе беспасярэдне месціцца свінагадоўчы комплекс.

Жыхарка вёскі Сычова Наталля адзначае:

«Адну паспела закалоць, а другая сама здохла. Ніхто мне за яе не выплаціў. Сказалі, што трэба было выклікаць дактароў, каб усыпіць. Цяпер чакаем вынікаў – на што хварэла свіння».

Крыніца эпідэміі – свінагадоўчы комплекс, мяркуюць вяскоўцы.

У свінагадоўчым комплексе ў вёсцы Сычова каментуюць:

«Я, пэўна, не магу каментаваць меркаванняў жыхароў вёсак… Прабачце, я цяпер не магу размаўляць – у мяне працоўны працэс…»

Свінакомплекс утрымлівае 24 тысячы галоваў. Эпідэмія афрыканскай свіной чумы паставіла б пад пытанне ўсе працоўныя працэсы на прадпрыемстве.

Аднак мясцовыя ветэрынары просяць вяскоўцаў не спяшацца з дыягназамі, хоць і самыя праводзілі прафілактычную кампанію, звязаную з магчымай эпідэміяй свіной чумы.

Наталля, жыхарка вёскі Сычова, дадае:

«Нам раздалі брашуркі, што, магчыма, будзе чума. І рэзка пачалі свінні паміраць, ніхто нас не інфармаваў больш».

Пасля некалькіх выпадкаў ветэрынары пачалі праводзіць зачыстку ў прыватных гаспадарках, дзе гінулі жывёліны. Спачатку іхным уладальнікам кампенсавалі страты, але потым пачалі спасылацца на неадпаведнасць санітарным нормам. Пры гэтым назваць хваробу, ад якой гінуць свінні, дактары адмаўляюцца.

Надзея з вёскі Азяты заўважае:

«Яны сказалі, што мы парушаем нормы: кормім сырым нібыта. Нібыта ў нас мухі ў хляву! Насамрэч у нас і дываны спецыяльныя, і халаты, і асобныя калошы! Я не ведаю, як мы маглі ўсё гэта занесці ў свой хлеў!»

Сёлета «Рассельгаснагляд» забараніў пастаўкі беларускай свініны, бо нібыта выявіў генетычны матэрыял афрыканскай чумы свіней у гатовай прадукцыі. Міністэрства сельскай гаспадаркі на гэтыя абвінавачанні заявіла, што чумы ў Беларусі няма зусім. Між тым у некаторых раёнах Беларусі, паводле Белстату, адзначаецца значнае скарачэнне пагалоўя свіней.

Афіцыйна АЧС у Беларусі прызнавалі ў 2013-ім годзе толькі ў Іўеўскім і Віцебскім раёнах.

Міхась Ільін, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Vasily Fedosenko/ Forum