Пра тое, што Пуцін чакае ад Лукашэнкі, – не скажуць на камеры


Трэба расставіць усе кропкі над «i» – заявіў Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы з кіраўніком Беларусі. З надзеяй закрыць праблемныя пытанні пачаў сустрэчу і Аляксандр Лукашэнка. Размова доўжылася амаль 4 гадзіны.

Можа, таму, што дэлегацыя шматлікая, і трэба было больш месцаў, а можа, таму, што не выпадае выглядаць бедна, калі ляціш дамаўляцца пра вялікія грошы, у Сочы Лукашэнка завітаў на сваім шыкоўным 55-метровым міжкантынентальным «Боінґу 767», на якім рэдка лётаў апошнім часам.

Мінулая сустрэча Пуціна і Лукашэнкі адбылася роўна месяц таму, таксама ў Сочы. Тады кіраўнік Беларусі вярнуўся ў Менск без аніякіх гучных дамоўленасцяў. Гэтым разам візіту папярэднічала супольная праца двух урадаў і сустрэча іх кіраўнікоў. Таму ўжо на пачатку размовы Лукашэнка пахваліў прэм’ера Румаса і выказаў спадзеў, што трох месяцаў будзе дастаткова, каб развязаць усе пытанні паміж Расеяй ды Беларуссю:

«Пытанні не такія і складаныя, хоць з фінансавага пункту гледжання некаторыя цяжкія, паколькі завязаныя буйныя фінансавыя плыні. Тым не менш, іх трэба вырашаць. І шмат што ўжо зроблена, каб іх вырашыць у сельскай гаспадарцы і ў нафтагазавай сферы».

Вядома, што для Беларусі найбольш істотнае пытанне сёння – падатковы манеўр Расеі ў нафтавай галіне. Ужо налета ад яго рэалізацыі Менск можа не далічыцца ў бюджэце трохсот мільёнаў долараў. Плюс адмовіўшыся прыспешыць рэформы, Беларусь страціла магчымасць атрымаць крэдыт Міжнароднага валютнага фонду. Дырэктар Інстытуту сучаснага дзяржаўнага развіцця (Санкт-Пецярбург) Дзмітрый Салоннікаў каментуе:

«Расея – найбуйнейшы крэдытор Беларусі, а для Беларусі у перадвыбарчы год падтрыманне пэўнага ўзроўню жыцця насельніцтва – адное з ключавых».

Цікава, што жыхары Расеі ды Беларусі сустрэчу сваіх кіраўнікоў бачаць па-рознаму. Жыхары Менску каментуюць:

«Грошай будзе прасіць, вось і ўсё».

«Наўрад ці беларускі і расейскі лідар могуць лічыцца раўназначнымі партнёрамі на сусветнай арэне. Таму што Беларусь – гэта залежная краіна, у тым ліку і ад Расеі».

«Наш прэзідэнт едзе з вялікаю торбаю просьбаў, вось і ўсё, а ніякае глабалізацыі ніколі не будзе».

«Усе ведаюць, што Беларусь без Расеі нічога не можа».

Жыхары Вялікага Ноўгараду бачыць сітуацыю па-іншаму:

«Я лічу, што Лукашэнка – лепшы, чым Пуцін. Ён больш патрабавальны і парадак трымае ў руках».

«Не думаю, што Лукашэнка будзе нешта выпрошваць. Абмяркуюць больш палітычныя пытанні».

«Я лічу, што Беларусь не слабейшая за Расею дзяржава, таму пазіцыі ў яе моцныя і лідар моцны».

«Гэта Украіна калісьці прасіла ў нас, а Беларусь нам не супернік, мы ж сябруем».

Але фактычна нафта і свабодны гандаль харчамі – пытанне нумар адзін для Лукашэнкі. Масква гатовая размаўляць на гэтую тэму, але там маюць свае чаканні. Аляксандр Класкоўскі, кіраўнік інфармацыйных праектаў, БелаПАН:

«Самае галоўнае з таго, чаго Пуцін чакае ад Лукашэнкі, не будзе сказана на камеры. А гэта жаданне, каб беларускі хаўруснік ішоў у фарватары расейскае палітыкі. А ён сёння выкручваецца, бо не хоча падтрымліваць агрэсію і імперскія замашкі. І плюс можа быць пытанне аб размяшчэнні расейскіх вайсковых абʼектаў у Беларусі».

Пасля ж падпісання дамовы паміж польскім і амерыканскім прэзідэнтамі аб сталай вайсковай амерыканскай базе ў Польшчы, падкрэсліваюць адмыслоўцы, Лукашэнку будзе значна цяжэй супраціўляцца Крамлю ў пытанні размяшчэння расейскага вайсковага кантынгенту ў Беларусі.

Ігар Кулей, belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM