Тэрор на свята. 10 гадоў таму


Роўна дзесяць гадоў таму падчас святочнага канцэрту на Дзень Незалежнасці ў Менску прагрымеў выбух, які не толькі параніў больш за пяць дзясяткаў асобаў, але і змяніў палітычную вертыкаль улады ў Беларусі.

Выбух, што параніў больш за 50 асобаў нават не прыпыніў святкаванні. Больш за тое – кіраўнік Беларусі не зважаючы на цалкам верагодную небяспеку – ужо рушыў у вір падзеяў. Яму традыцыйна – давялося ўсё кантраляваць самому.

За дзве гадзіны да гэтага на плошчы двое мінакоў, што выпівалі з нагоды свята, нібыта знайшлі пакунак соку «Садочок» у якім была іншая выбуховая прылада і перадалі яго праваахоўнікам.

«Па версіі следства, міліцыя і службы бяспекі ведалі, што ўжо была тут бомба. За гэты час Канавалаў ідзе ў гэтую кватэру, бярэ новую бомбу і самае галоўнае – праносіць яе – як гэта магчыма?», – кажа журналіст Алег Груздзіловіч.

Дзмітрыя Канавалава праз чатыры гады асудзяць да вышэйшай захады за выбух у Менскім метро ў 2011 годзе. Суд прыйдзе да высновы, што ён адказны і за выбух на дзень незалежнасці і за два выбухі ў Віцебску 2005 года. Праз дзесяць год пасля інцыдэнту, памяць пра яго засталася даволі цьмяная.

Нагода ператасаваць калоду

Праз тыдзень Лукашэнка скарыстаецца здарэннем, каб вызваліць з пасады аднаго з самых уплывовых асобаў у краіне – тагачаснага сакратара Савету Бяспекі Віктара Шэймана.

«Не думаю, Віктар Уладзіміравіч, што вы павінныя застацца на гэтай пасадзе пасля інцыдэнту. Вы вінаватыя перадусім», – казаў Лукашэнка.

Паводле колішняга лідара арганізацыі Белы Легіён Сяргея Бульбы, які разам з паплечнікамі ў першыя дні пасля здарэння стаў адным з галоўных падазраваных у арганізацыі выбуху, адстаўка Шэймана тады была на руку шмат якім сілам.

«Масква даўно патрабавала адхілення гэтага клану ад улады, бо яны іх называлі клан тутэйшых. Яны разумелі, што тыя і па расейску гавораць і не нацыяналісты, але кіруюцца інтарэсамі сваёй зямлі. Ім гэта вельмі не падабалася. Другая версія – сын прэзідэнта. Малады амбітны, а шэйманаўскія генералы не ўспрымалі яго ўсур’ёз», – распавядае заснавальнік «Белага Легіёну» Сяргей Бульба.

У сваю чаргу адмыслоўцы, што сачылі за палітычным полем тагачаснай Беларусі раяць не шукаць тэорыяў змовы, але відавочна, што не абышлося без закуліснае гульні.

«Шэймана адмыслова не прыбіралі, бо гэта была б вельмі складаная аперацыя, вельмі рызыкоўная для тых маладых ваўкоў, пра якіх кажуць, але безумоўна яны скарысталіся гэтай сітуацыяй і безумоўна давялі Лукашэнку, што вось чалавек, які на той час быў вельмі ўплывовы, які кантраляваў усе спецслужбы – не на сваім месцы», – лічыць Алег Груздзіловіч.

Пасля менавіта выбух на дзень незалежнасці стаў нагодай, каб узяць адбіткі пальцаў у кожнага ваеннаабавязанага грамадзяніна.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»