Тэракт у Пецярбурзе: пытанняў больш, чым адказаў


Пецярбург у жалобе па загінулых

У паўночнай сталіцы Расеі абвешчаная трохдзённая жалоба ў памяць аб ахвярах тэракту ў метро, які адбыўся напярэдадні. У выніку выбуху, паводле апошніх звестак, загінулі 14 чалавек, больш за 50 пацярпелі і застаюцца ў шпіталях.

Жыццю беларуса нішто не пагражае

Спачуванні расяянам выказалі кіраўнікі ЗША, Вялікай Брытаніі ды іншых краінаў. Сярод пацярпелых – тры замежнікі, у тым ліку грамадзянін Беларусі. Ён атрымаў раненні сярэдняй цяжкасці, ягонаму жыццю нішто не пагражае. Машыніст падарванага цягніка атрымае ўзнагароду.

«Я звязаўся з дыспетчарам, паведаміў аб сітуацыі. У гэты момант сталі паступаць незразумелыя паведамленні па сувязі пасажыр-машыніст, бо адначасова гаварылі ўсе ва ўсіх вагонах. У той момант пра страх думаць не было калі, трэба было працаваць», – узгадвае Аляксандр Каверын.

Заява праваахоўных органаў: тэракт – прыярытэтная версія следства

У момант здзяйснення тэракту ў Санкт-Пецярбурзе праходзіла сустрэча прэзідэнтаў Расеі і Беларусі. Гэтае супадзенне не засталося па-за ўвагай Крамля.

Сам Уладзімір Пуцін учора ўвечары ўсклаў кветкі каля станцыі метро «Тэхналагічны інстытут» і адмовіўся ад каментароў медыям.

«Безумоўна, сам факт таго, што гэты тэракт быў здзейснены ў момант, калі ў горадзе быў кіраўнік дзяржавы, – ён прымушае задумацца і звяртае на сябе ўвагу. Гэта прадмет для аналізу спецслужбаў. Любы тэракт ёсць выклікам кожнаму расяяніну, уключаючы нашага прэзідэнта», – зазначыў Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Пуціна.

Бомбу ў вагоне метро, найхутчэй, падарваў смяротнік

Мяркуецца, што раней ён пакінуў другую прыладу на станцыі «Плошча паўстання». Яе знайшлі і абясшкодзілі аператыўнікі.

Неўзабаве пасля тэракту медыі апублікавалі фатаграфію меркаванага тэрарыста. Увечары мужчына зʼявіўся ў паліцыю і заявіў аб сваёй недатычнасці. Другі падазраваны – студэнт з Казахстану – таксама стаў выпадковай ахвярай тэракту. Следчы камітэт назваў выканаўцам нарадзінца Кыргызстану 22-гадовага Акбаржона Джалілава, які жыве ў Санкт-Пецярбурзе.

Жыхары Масквы і Санкт-Пецярбургу разыходзяцца ў меркаваннях

«Я прытрымліваюся версіі, што за ўсім гэтым стаяць, хутчэй за ўсё, «Ісламская дзяржава» і радыкальныя ісламісты».

«Проста тэрарысты, проста варʼяты. Зразумела, што тэрарызм – гэта пратэст, гэта нейкая заява ўлады. Але нелюдзі, што я магу сказаць».

«Існуе шмат версіяў – аж да таго, што самі ўлады гэта ладзяць, каб змагацца неяк паміж сабой, выгадныя ўмовы для сябе стварыць у палітычнай сітуацыі, якая паўстала ў краіне.

– мяркуюць апытаныя расейцы.

Спецслужбы загадзя ведалі пра тэракт

Паводле звестак «Камерсанту», расейскія спецслужбы ведалі пра падрыхтоўку тэракту ў Санкт-Пецярбурзе, але не мелі канкрэтных дэталяў плану. Сваю дапамогу ў расследаванні Расеі прапанавала Служба бяспекі Украіны.

З учорашняга вечару пецярбуржцы нясуць кветкі ды знічы да станцыі метро, дзе здарыўся тэракт. Масквічы ўскладаюць кветкі ў памяць аб загінулых у Аляксандраўскім садзе. Метро ў горадзе ўжо цалкам вярнулася да працы, аднак шмат якія пецярбуржцы вырашылі сёння не спускацца ў падземку.

Маша Макарава, «Белсат», фота: Peter Kovalev / TASS / Forum