Аб'ектыў 30.09.2015 Тэатральны форум “ТЭАРТ”: ад спектаклю-джазу да высокіх тэхналогіяў з Японіі


У гэтыя апошнія дні верасня і да 23 кастрычніка – шчаслівая пара для тэатралаў. У афішы найлепшыя замежныя і беларускія спектаклі. Пяты Міжнародны форум «ТЭАРТ» стартаваў у Тэатры юнага гледача.

Адкрыўся ён швейцарскім спектаклем «Донка – пасланне Чэхаву» вядомага рэжысёра Даьеле Фінцы Паска – між іншага, аўтара пастановак Цырку дзю Салей. Гэта неверагодна абаяльныя, i прыгожыя «чэхаўскія матывы», паказаныя праз чароўны цыркавы свет акрабатаў, жанглёраў і танцораў. Афіша «Тэарту» напоўненая такімі сусветнымі эксперыментамі:

АНЖАЛІКА КРАШЭЎСКАЯ, ДЫРЭКТАРКА ФОРУМУ: «Заўжды новае доўга прыжываецца. І нават сярод моладзі не ўсе разумеюць той фармат, які мы паказваем. Гэта адзіны міжнародны тэатральны праект у Менску. Мы прывозім яркія тэатральныя падзеі свету, якія, на наш погляд, неабходна паглядзець сучаснаму гледачу».

Паглядзець, як у свеце, і параўнаць з нашымі пошукамі – на форуме моцная праграма “Belarus Open”. Гэта і «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі» маладога рэжысёра Яўгена Карняга, і новая інтэрпрэтацыя Пушкіна ў пастаноўцы «Самазванец» Берасцейскага тэатру лялек. А 2 кастрычнiка спектакль-размова паводле п’есы Івана Вырыпаева «Ілюзія»:

ТАЦЯНА ТРАЯНОВІЧ, РЭЖЫСЁРКА: «Пранізлівая, прыгожая, лірычная, месцамі трагічная, а месцамі камічная гісторыя кахання. Пра тое, што ёсць каханне, якім чынам руйнуюцца нашыя стэрэатыпы пра яго. І, як заўсёды ў Вырыпаева, прысутнічае філасофія».

Што абраць? Спектакль-джаз пра Тэлоніўса Монка ці высокатэхналагічную тэатральную інсталяцыю з Японіі? Усяго 25 пастановак з Венгрыі, Германіі, Грузіі, Украіны, Італіі, а гэта значыць, наперадзе шмат вечароў чыстага задавальнення.

Аляксандра Дорская, Марына Вашкевіч

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары