Таямніцы «Белсату»: сёння мы адзначаем неафіцыйны дзень народзінаў!


Усё менш застаецца да афіцыйнага дня народзінаў нашага тэлеканалу. Дзень народзінаў «Белсат» традыцыйна адзначае 10 снежня – у дзень, калі ў эфір выйшаў першы выпуск «Аб’ектыву». Між тым адкрыем спадарству таямніцу. Мала хто ведае, але насамрэч першы выпуск «Аб’ектыву» быў зроблены амаль на два тыдні раней. Неафіцыйны дзень народзінаў «Белсат» адзначае сёння.

Той момант, калі ў «Аб’ектыве» – навіны дзесяцігадовай даўніны і гэта не катастрофа. 28 лістапада 2007 года з мантажнага стала сышоў першы выпуск нашага галоўнага інфармацыйнага выдання.

«Першыя тры хвіліны, гэткі караценькі, маленькі дайджэст. Таму што тады мы яшчэ не ўмелі рабіць тэлебачанне гэтак, як умеем яго рабіць сёння. Але, канешне, як на той час, гэта быў вялікі прарыў, бо ў Беларусі ўвогуле ніхто не рабіў незалежнага тэлебачання», – распавядае першы кіраўнік аддзелу інфармацыі «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Гаворка пра гэтак званы «сухі эфір», то бок выданне, зробленае для тэлеэфіру, але ў тэлеэфір не выпушчанае. Навучанне, максімальна набліжанае да рэчаіснасці. Улічваючы ж, што дагэтуль аніхто з белсатаўцаў на тэлебачанні не працаваў, «сухія эфіры» тады былі папросту неацэнным досведам.

«Гэта было так, што, маўляў, а давай, у выніку, паглядзім, як гэта працуе, якое гэта будзе тэлебачанне! Мне не падабалася тое, што мы зрабілі. Таму што на той момант ужо мы вучыліся ў вялікіх польскіх майстроў, мы былі на Польскім тэлебачанні – мы бачылі і ведалі, як там гэта працуе. І таму для мяне гэткіх эмоцыяў: маўляў, вось мы зрабілі! – не было. Для мяне эмоцыяй было тое, што мы далі рады пачаць гэтую справу!», – кажа журналіст Алесь Залеўскі.

Зрэшты, як згадвае адзін з першых рэдактараў ужо гістарычнага выдання навінаў Алесь Карніенка, нават калі б эфір і быў, першы «Аб’ектыў», над якім працавалі з восьмай раніцы да дзявятай вечара, свету ўсё роўна б не пабачыў.

«Ну, цэлы дзень пайшоў на тое, каб зрабіць ажно чатыры з паловаю хвіліны выдання: мы перавыканалі план на 50 адсоткаў, бо павінна было быць усяго тры – але… спазніліся! Першы «Аб’ектыў», калі б у нас была антэна, свету бы гэтак і не пабачыў, таму што змантаваны быў на 40 хвілін пазней, чым меўся з’явіцца на антэне», – кажа рэдактар першага выдання «Аб’ектыву» Алесь Карніенка.

Колькі ж высілкаў выдаткоўвалася на тыя некалькі хвілінаў, сёння нават цяжка ўявіць. Асабліва маючы ўжо 2,5-гадзінны інфармацыйны блок у жывым эфіры, уключэнні з месца падзеяў, пачынаючы з украінскага Майдану да беларускіх Маршаў недармаедаў, рэпартажы з розных куткоў свету ды размовы з экспертамі ў студыі.

«Мы адчувалі сябе тады піянерамі, таму што ніхто не рабіў незалежнага тэлебачання ў Беларусі. І нас было вельмі мала – гэта сапраўды быў калектыў адзінадумцаў, якія гарэлі гэтай ідэяй. Ну і калі б так не было, то мы б не мелі цяпер таго, што маем у выглядзе жывога эфіру і нашых іншых інфармацыйных фарматаў», – кажа Аляксей Дзікавіцкі.

Што ж усе гэтыя гады застаецца нязменнае – дэвіз «Аб’ектыву»: навіны па-беларуску ды без цэнзуры!

Валера Руселік belsat.eu