Аб'ектыў 27.10.2017 Таямніца забойства Кенэдзі можа быць неўзабаве раскрытая


Прэзідэнт ЗША Джон Кенэдзі з жонкаю Джаклін прылятаюць у сонечны Далас у штаце Тэхас амаль апоўдні. Менш як праз гадзіну на вачах у тысяч амерыканцаў Кенэдзі быў застрэлены снайперам.

З гэтага моманту хада падзеяў імкліва паскараецца

Праз 70 хвілінаў пасля забойства ў руках паліцыі падазраваны стралок – Лі Гарві Озвалд, рознарабочы, які год таму вярнуўся з савецкага Менску. Паралельна, на борце самалёта ў прысутнасці Джаклін Кенэдзі, на якой усё яшчэ акрываўлены строй, прэзідэнцкую прысягу прымае Ліндан Джонсан.

Забойства 35-га амерыканскага прэзідэнта адбылося больш за паўстагоддзя таму – 22-га лістапада 1963-га года. Праліць на яго больш святла могуць каля 3000 архіўных дакументаў, якія паводле рашэння Доналда Трампа і згодна з прававымі абавязацельствамі былі аддадзеныя ў адкрыты доступ. Сярод іншага, у адным з файлаў сцвярджаецца, што Озвалд перад забойствам Кенэдзі хадзіў на сустрэчы ў савецкую і кубінскую амбасады ў Мехіка.У іншым, зафіксаваная адна з першых рэакцыяў Масквы на забойства амерыканскага прэзідэнта.

Баяліся пачатку вайны

«Паводле нашай крыніцы, савецкае кіраўніцтва асцерагалася, што без лідара які-небудзь безадказны генерал у Злучаных Штатах можа запусціць у Савецкі Саюз ракету», – пісаў у сваёй справаздачы дырэктар FBI Эдвард Гувэр.

А згодна з больш познім расследаваннем ЦРУ, падрабязнасці якога апублікавалі цяпер, бюро з 50-х гадоў вяло падрыхтоўку змены кіраўніцтва на Кубе, у тым ліку замаху на Фідэля Кастра. Агулам жа сенсацыі ў рассакрэчаных дакументах пакуль няма, кажуць аналітыкі. Пытанне, ці быў Озвалд стралком-адзіночкай або яго хтосьці курыраваў, застаецца без адказу.

«Жонка руская, у яго былі марксісцкія схільнасці, гэта асобная цікавая размова, і акурат ён быў вельмі зручнай асобаю, каб падставіць у якасці забойцы. Страляў ён дрэнна», – узгадвае Эрнст Цітавец, сябар Лі Гарві Озвалда.

Ахвярны казёл з-за таго, што жыў у СССР

Так гаварыў пра сябе Озвалд у дзень забойства. А ўжо праз два дні ён сам замаўчаў назаўжды, застрэлены проста ў руках паліцыянтаў уласнікам начнога клубу Джэкам Рубі.

Архівы ў справе Кенэдзі адкрытыя не на 100 адсоткаў. Частку дакументаў, на просьбу ФБР і ЦРУ, пакінулі засакрэчанымі як мінімум да красавіка наступнага года. Аналіз жа тых тысячаў старонак архіваў, якія ўжо даступныя, можа заняць гады і ўсё роўна так і не ўнесці канчатковай яснасці ў таямніцу смерці прэзідэнта Кенэдзі.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Rue des Archives / AGIP / Forum

Глядзі таксама
Каментары