Аб'ектыў 29.10.2017 Таварыства беларускай мовы ўзначаліла Алена Анісім


Бліжэйшыя тры гады кіраваць Таварыствам беларускае мовы будзе Алена Анісім. На з’ездзе, які адбыўся сёння ў сталіцы, яе абралі абсалютнаю большасцю галасоў. Прывіталі дэлегатаў амбасадары Украіны, Чэхіі, ЗША і кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Чым жыве ТБМ цяпер і да чаго будзе імкнуцца далей?

У адным шэрагу з Генадзем Бураўкіным і Нілам Гілевічам. Алена Анісім, былая намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішака Скарыны і, з нядаўняга часу, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, абраная кіраўніцаю арганізацыі.

«Гэта вялікі давер, які аказаны мне. Сама б я, можа, і не прэтэндавала на пасаду старшыні, але, паколькі была агучаная мая кандыдатура, то, працуючы ўжо не адзін год першым намеснікам, я разумела сваю адказнасць за лёс арганізацыі», – заявіла старшыня ТБМ Алена Анісім.

Галасаванне адбылося падчас трынаццатага зʼезду ТБМ. За Анісім выказалася абсалютная большасць дэлегатаў. Што праўда, яна ж была адзінаю кандыдаткаю. Былы старшыня, Алег Трусаў, які ўзначальваў абʼяднанне цягам васямнаццаці гадоў, гэтым разам вырашыў не балатавацца.

«Мне споўнілася нядаўна 63 гады. І я лічу, што трэба саступіць месца маладзейшым. Самае галоўнае, я спадзяюся, што мой прыклад будзе прыкладам і для іншых кіраўнікоў больш уплывовых структураў. Пара ўжо і ім, як кажуць расейцы, «честь знать», – заявіў ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў.

На сённяшні дзень Таварыства беларускай мовы, якое існуе ўжо дваццаць восем гадоў, налічвае амаль 6,5 тысячаў чальцоў. Лічба можа падацца нязначнай – менш за адну дзясятую адсотка насельніцтва краіны. Але, толькі калі разглядаць яе па-за кантэкстам моўнай палітыкі дзяржавы – дзесяцігоддзяў вынішчэння ўсяго беларускага, перадусім беларускай мовы і навязвання расейскай.

Аляксандр Лукашэнка заяўляў:

«Толькі ідыёт можа ў Беларусі адмовіцца ад рускай мовы» (08.04.2010).

«Руская мова. Яна нашая, яна не расейская і не ўкраінская, яна нашая. Гэта жывы набытак у тым ліку і беларусаў» (22.04.2014).

Насуперак такой пазіцыі, ТБМ намагаецца пашыраць ужыванне роднае мовы сярод беларусаў – праз заняткі з дарослымі і дзецьмі, звароты да ўладаў, маніторынг моўных правоў грамадзянаў ды іншае. Але ж шмат працы яшчэ наперадзе.

Дарэчы, як адзначыў ужо былы старшыня таварыства Алег Трусаў, менавіта дзякуючы намаганням ТБМ, вусная і пісьмовая беларуская мова заканадаўча замацаваная як нематэрыяльная культурная каштоўнасць.

Лола Бурыева, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары