Сын Шэймана і фірмы-«пракладкі»: расследаванне «Белсату»


Сын Віктара Шэймана вядзе бізнес з былым генералам ФСБ, набліжаным да расейскага кіраўніцтва. Да такіх высноваў прыйшлі ў сваім расследаванні журналісты «Белсату» Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш.

Сын кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Сяргей Шэйман – асоба не публічная і афіцыйна з урадам не звязаная. Але такая сувязь праглядаецца. У сакавіку Шэйман-малодшы разам з бацькам Віктарам наведаў Зімбабвэ – у якасці «дарадцы» ўрадавай дэлегацыі.

«Нашай мэтай з’яўляецца вывесці гандаль паміж дзьвюмя краінамі на ўзровень мільярда даляраў», – цытавала Шэймана зімбабвійскае выданне Herald.

«Пасада генерал-палкоўніка Шэймана адпавядае пасадзе віцэ-прэзідэнта», – адзначыла таксама выданне.

Значэнне кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі зімбабвійская газета перабольшыла, але некалі Шэймана называлі «шэрым кардыналам» беларускай палітыкі.

Па падазрэнні ў датычнасці да «знікнення» апанентаў Лукашэнкі, Віктара Шэймана, тагачаснага сакратара рады бяспекі, унеслі ў «чорны спіс» Еўразвязу».

Аднак вернемся да Шэймана-малодшага, а дакладней да яго партнёраў у бізнесе.

У «панэльцы» ў расейскім Тальяці на імя Сяргея Шэймана зарэгістраваная фірма «Теп-холдинг».

«Фірма «Теп-холдинг» у Тальяці мае класічныя прыкметы «пракладкі». Што такое фірмы-«пракладкі»? Гэта фірмы, якія выкарыстоўваюцца для прыкрыцця нейкіх шэрых схемаў», – тлумачыць Ігар Ільяш.

Сузаснавальнікам прадпрыемства з’яўляецца генерал ФСБ у адстаўцы Анатоль Ткачук – партнэр набліжанага да расейскага прэм’ера прадпрымальніка Ігара Юсуфава.

Кампаніі Ткачука займаюцца здабычай тытана і абароннымі падрадамі.

Звестак пра незаконнасьць сувязяў Шэймана-малодшага з адстаўным расейскім генералам няма. Аднак гэтае бізнэс-партнэрства выклікае справядлівыя пытанні.

«Сапраўды, Сяргей Шэйман з’яўляецца чыноўнікам ці бізнэсоўцам? Што значаць яго сувязі з Ткачуком? Ці звязана гэта неяк з працай ягонага бацькі?», – пералічвае асноўныя пытанні Ільяш.

Дарэчы, экс-супрацоўніка ФСБ ды расейскага прадпрымальніка Віктар Шэйман ведае асабіста. У 2010 годзе Ткачук разам з беларускай гандлёвай дэлегацыяй наведаў Гану.

«Сяргей Шэйман з Віктарам Шэйманам могуць абменьвацца інфармацыяй і датычна дзяржаўных пытанняў, і датычна бізнесу – калі ён сапраўды існуе», – лічыць Кацярына Андрэева.

Пра добрыя адносіны паміж беларускімі топ-чыноўнікамі і расейскім бізнесам, на думку экспертаў, сведчыць той факт, што многія з іх пасля адстаўкі знаходзяць сабе працу ў Расеі.

Дарадцам беларуска-расейскай фірмы «Знешэканомбуд» з’яўляецца былы беларускі прэм’ер Уладзімер Ярмошын. У расейскіх чыгунках працаўладкаваўся былы старшыня КДБ Леанід Ерын. А былы міністр энергетыкі Аляксандр Азярэц цяпер дапамагае расейскім кампаніям будаваць беларускую АЭС.

«Гэтая тэндэнцыя даволі небяспечная. Па-першае тым, што гэтыя людзі з’яўляюцца ўладальнікамі шматлікіх дзяржаўных таямніцаў. Па-другое, яны захоўваюць сувязь у сваіх апаратах. А па-трэцяе, кампаніі, дзе яны цяпер працуюць – той жа самы «Лукойл», расейскія чыгункі, вельмі моцна завязаныя на дзейныя расейскія эліты», – дадае эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Ці ўзнікае канфлікт паміж інтарэсамі беларускага грамадства ды фірмамі Сяргея Шэймана і Анатоля Ткачука? Зняць сумневы на гэты конт можа толькі сам прадпрымальнік Сяргей Шэйман.

Аляксандр Папко