Сяргей Румас падрыхтаваў план эканамічнага прарыву Беларусі?


Беларуская эканоміка будзе расці хутчэй, чым у сярэднім ва ўсім свеце. Інфляцыя будзе запавольвацца, а дабрабыт – памнажацца. Такія шматабяцальныя прагнозы ўтрымлівае эканамічная праграма на наступныя два гады, прапанаваная ўрадам на разгляд дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Ці рэальны планаваны эканамічны прарыў, і ці зможа дзяржава трымацца «дарожнай мапы» Сяргея Румаса?

«Дарожная мапа» на 2 гады – так у Савеце Міністраў назвалі праграму развіцця да 2020-га года. Яе ўжо ўхвалілі на пачатку месяца ва ўрадзе, потым занеслі Лукашэнку на праверку, а цяпер даслалі і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, каб яны прачыталі і прагаласавалі. Дакумент на 47 старонак апублікавала дэпутат Ганна Канапацкая, каб грамадзяне таксама азнаёміліся.

«Гэтая Праграма, з‘яўляючыся «дарожнаю мапаю» дзейнасці ўраду Беларусі на 2019–2020 гады, ставіць сваёй ключавою мэтаю рост дабрабыту і якасці жыцця насельніцтва шляхам устойлівага эканамічнага росту, які перавышае сярэднесусветныя тэмпы».

Што абяцае ўрад: за 2 гады беларусы атрымаюць годнае жыццё, рост прыбыткаў, высокія сацыяльныя стандарты, камфортнае жытло, якасную медыцыну і адукацыю і шмат чаго яшчэ. Але мы спынімся на эканоміцы. Некаторыя з мэтаў «дарожнай мапы» дасягальныя, частка пад пытаннем, а ёсць і зусім нерэальныя, напрыклад, абяцанне давесці Валавы ўнутраны прадукт Беларусі да 100 млрд долараў.

Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары»:

«Гэта абсалютна палітычнае рашэнне, устаноўка кіраўніка дзяржавы, выканаць яго практычна немагчыма. Хіба што долар моцна абваліцца на сусветных рынках».

Ёсць і захады, каб не валіўся беларускі рубель, і каб не раслі кошты. Інфляцыю плануюць знізіць да 5 адсоткаў гадавых.

Механізмы рэалізацыі:

Падтрыманне адсоткавых ставак у эканоміцы на станоўчым узроўні і паступовае зніжэнне па меры запавольвання тэмпаў інфляцыі;

Пераход грашова-крэдытнай палітыкі да рэжыму інфляцыйнага таргетавання;

Правядзенне курсавай палітыкі ў рэжыме кіраванага плавання пры мінімізацыі ўдзелу Нацыянальнага банку на валютным рынку.

Гучыць складана, а на справе інфляцыйнае таргетаванне – гэта стандарт у сусветнай практыцы, калі Нацыянальны банк, напрыклад, рэгулюе стаўку рэфінансавання, каэфіцыент, прапісаны ва ўмове, напрыклад, крэдыту на кватэру. Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары»:

«Змена стаўкі рэфінансавання, змена іншых ставак на грашовым рынку, і па-добраму ўсё будзе падпарадкавана адзінай мэце – утрыманню інфляцыі ля заданых параметраў».

Курс нацыянальнай валюты будзе свабодным, Нацбанк працягне купляць ці прадаваць валюту, каб рубель туды-сюды скакаў не моцна, але такія інтэрвенцыі будуць радзей. А каб працаўнікі не выязджалі за мяжу, абяцаюць падняць заробкі бюджэтнікам, мінімалку і даць працу ўсім беспрацоўным.

Галоўнае, каб Нацбанк не прымушалі друкаваць грошы для забеспячэнне «кепскіх пазыкаў», выданых прадпрыемствам, кажа Вадзім Іосуб:

«Часта ў гэтых »кепскіх пазыках« дзяржава выступае гарантам. І можа быць так, што ў чыюсьці »светлую« галаву прыйдзе ідэя: а давайце надрукуем грошай і за іх кошт аддамо гэтыя пазыкі?»

Хоць Сяргея Румаса і называюць прыхільнікам эканамічных свабодаў, усё ж задачы ставіць не ён, а той, хто дзесяцігоддзямі загадваў «друкаваць грошы».

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Заработная плата перасягне ўжо тысячу рублёў за кошт таго, што мы паднімем заработную плату ў нізкааплатных слаёў насельніцтва».

Падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам у справе гэтай «дарожнай мапы» Аляксандр Лукашэнка загадаў трымацца Праграмы сацыяльна-эканамічнага, прынятай 2 гады таму на Усебеларускім народным сходзе. Так што сур’ёзных зменаў эканамічнай палітыкі чакаць не варта.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu