Аб'ектыў 07.07.2017 Сямнаццатая рэзідэнцыя Лукашэнкі каштуе $ 40 млн


Прэзідэнт не цар і не мільярдэр. Прынамсі з такім заробкам, як у беларускага кіраўніка краіны, ні «Майбах» набыць, ні вілу пабудаваць не ўдасца. Але Аляксандр Лукашэнка карыстаецца і з шыкоўнага аўтапарку, і з сямнаццаці рэзідэнцыяў. У сёлетні крызісны год інфармацыя «Белсату» пра паўстанне чарговай загараднай вілы для Лукашэнкі выклікала велізарны розгалас у грамадства.

Лукашэнка паспрабаваў супакоіць народ

«Гэта рэзідэнцыя прэзідэнта! Да вы радуйцеся, што я еду і жыву там сярод людзей. І вы туды не ўклалі дзяржаўныя ні капейкі, ні капейкі! А вы можаце запытацца: а дзе ты грошы ўзяў? Я магу вам сказаць – у мяне дастаткова добрых, харошых людзей, для якіх 10 ці 20 тысяч долараў – не грошы!», – апраўдваўся кіраўнік Беларусі.

Хто, колькі, каму?

Асабліва добрым людзям не шкада для кіраўніка краіны ні такога падарунку, як «Майбах» ні нават $ 40 млн. Расейскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў сёння прызнаўся журналістам, што менавіта такую суму ўклаў у базу адпачынку «Краснасельскае», якую ў народзе называюць 17-аю рэзідэнцыяй.

У тым, што алігарх стараўся не для сябе, а менавіта для Аляксандра Лукашэнкі, перакананы карэспандэнт «Белсату», які першым публічна распавёў, як паўстае чарговы дом адпачынку для кіраўніка Беларусі.

«За тыя тыдні следства, якое мы вялі і даведваліся розныя факты пра гэтую рэзідэнцыю, у нас не засталося сумневаў, што гэта было зроблена для Лукашэнкі. Там і лыжэролерная траса, вядома, хто ў нас вялікі лыжнік, там і службы аховы і бадай, самы цікавы факт: у нас ёсць план, у якім напісана, што пакой з такім та нумарам згодна з лістом службы бяспекі прэзідэнта мае быць у распараджэнні ахоўнікаў нашага прэзідэнта», – распавёў Ігар Кулей, журналіст «Белсату».

Пацвярджалі, што ўсё гэта для Лукашэнкі і будаўнікі, і мясцовыя жыхары, якія «замінаюць» прэзідэнцкім картэжам.

Пра што размаўляюць у рэзідэнцыях?

Затое не баіцца Лукашэнка публічна распавядаць, якія размовы вядуцца ў гэткіх рэзідэнцыях.

Гэтак, некалькі гадоў таму той жа алігарх Гуцэрыеў прапаноўваў яму ад імя расейскага калійнага караля Керымава хабар – $ 5 млрд. за продаж за палову кошту «Беларуськалію», пра што распавёў сам кіраўнік Беларусі.

Алігарх Міхаіл Гуцэрыеў, які ўжо заінвеставаў у Беларусь $ 180 млн., гатовы інвеставаць яшчэ $ 250 млн. Вядома, інвестыцыяў без аддачы алігархі не робяць.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары