Сям’ю з Менску падманулі ды высяляюць, каб пабудаваць элітныя дамы


Неўзабаве побач з заказнікам Лябяжы ў Менску паўстане квартал шматпавярховікаў

Старую забудову з гэтае прычыны тут знеслі, за выключэннем аднаго дому. Аднак і яго жыхары вымушаныя збіраць рэчы, не дачакаўшыся годнай кампенсацыі.

Пра тое, што іх чакае перасяленне, бо зямлю ў прыватным сектары аддаюць пад элітны комплекс «Алімпік-парк», Галіна Ігнатовіч ды ейныя сваякі даведаліся тры гады таму. За пяціпакаёвую кватэру ў прыватным двухкватэрным доме жанчына з былым мужам запатрабавалі грашовую кампенсацыю, а два сыны з сем’ямі – па кватэры.

«Мне адмовілі і былому мужу адмовілі ў пісьмовым выглядзе. Што нам не належыць кампенсацыя кватэры, мы мусім абраць адзіны від кампенсацыі: або кватэры, або грашовую кампенсацыю. І сказалі – пішыце ўсе на кватэры», – распавядае Галіна.

Забудоўнік паабяцаў, што сям’я зможа абраць тры двухпакаёвыя кватэры ў новабудоўлях на вуліцы Ратамская – замест дому з жылой плошчай 116 метраў, з двума кухнямі і санвузламі ды зямельным надзелам 22-ве соткі.

Ігнатовічам прапанавалі жытло на зусім іншых адрасах, а кватэры аказаліся неліквіднымі

«У райвыканкам нас выклікалі. Мы думалі, ідзем падпісваць усё як належыць. А яны там, вось гэтыя ўсе кватэры і вылучылі. Мы там ледзь прытомнасць не страцілі!», – узгадвае Іван Ігнатовіч.

Такое рашэнне сямʼі патлумачылі тым, што яны, маўляў, адмовіліся ад варыянту кампенсацыі на памяшканні ў новабудоўлі – што ніяк не пацверджана дакументальна. А пры паўторнай ацэнцы кошт іхнага дому зменшыўся на 25 %. Цяпер Ігнатовічы мусяць або ўзяць грашовую кампенсацыю для ўсіх, або перасяліцца ў другаснае жытло.

Ігнатовічы пачуваюцца падманутымі, а такія ўмовы ацэнкі лічаць несумленнымі

Да таго ж пры адзінаццаці прапісаных у кватэры асобах яны атрымалі агульную плошчу жытла з разліку на дзесяць чалавек.

«Я з мужам разведзеная ўжо 14 гадоў, ён жаніўся. І нас з ім разам селяць на Выготскага, гэта як: ён з жонкай і я, пазабіваемся, атрымліваецца? Які кут мне вылучаць?», – абураецца Галіна.

У сваю чаргу кампанія-забудоўніца «Тапас», Паўлу Беламу, вядомаму як гулец хакейнай каманды Лукашэнкі, абвінаваціла ўласнікаў, цытата, «у наўмысным зацягванні тэрмінаў выбару спосабу і памеру кампенсацыі стратаў» ды падала ў суд, справу ж – выйграла. Суд Цэнтральнага раёну і гарадскі суд прызналі кампенсацыю правамернаю.

Уладальнікі спадзяюцца абскардзіць рашэнне ў Вярхоўным Судзе

Аднак часу застаецца мала. Ужо пасля 30-га студзеня іх чакае прымусовае высяленне, а адказу на наглядную скаргу, без якой апеляваць немагчыма, яшчэ няма.

Юлія Лабанава, «Белсат»