Сям’і жаўнера, які павесіўся, пагражалі праз тэлефон


Год без сына, брата і сябра. Апошні раз Таццяна Маноніна пачула голас сына ў дзень ягонай гібелі – 20-га кастрычніка 2016-га года.

Да сваёй смерці Андрэй паспеў адслужыць у арміі пяць месяцаў

Cпачатку ў вучэбнай частцы ў Баранавічах, потым хлопца перавялі ў Ліду. З вайсковай часткі № 48685 салдат вярнуўся дадому ўжо ў труне. Неўзабаве Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце дзедаўшчыны, аднак некалькі месяцаў таму расследаванне спынілі: паводле праваахоўнікаў, радавы Манонін скончыў жыццё самагубствам, пакінуўшы перадсмяротную цыдулку.

«Прабач, мама, прабач, брат. Яны мяне вымусілі. Прозвішчы іхныя былі напісаныя. Потым было напісана – брат, пакарай іх судом. Але хоць бы напісаў, што яны з ім рабілі. Як можна пакараць судом, не знаючы, што яны там рабілі. І я гэта зараз не дакажу», – кажа Таццяна.

Замест прабачэнняў маці салдата атрымала ананімныя тэлефанаванні

Незнаёмы патрабаваў нічога не распавядаць журналістам. «Ну што вы гэтым зробіце – толькі больш сабе нашкодзіце», – пагражаў ананімны голас.

Улады надалей спрабуюць знізіць градус напружанасці вакол рэзанансных выпадкаў у вайсковых частках праз дзяржаўную прапаганду. Гэтак, з адмысловаю заяваю выступіў афіцыйны Саюз афіцэраў, які назваў крытыку на адрас ваеннага ведамства спробаю разгайдаць грамадска-палітычную стабільнасць у краіне, а паведамленні пра трагічныя выпадкі – «інфармацыйная вакханалія».

Да адбельвання Мініабароны далучылі і Камітэт салдацкіх маці

Прадстаўніцы арганізацыі наведалі вайсковую частку ў Печах каля Барысава.

«Не трэба паддавацца на правакацыі. Таму што ёсць некаторыя вось сілы ў нас, якія хочуць выкарыстоўваць вось гэты няшчасны выпадак», – заявіла старшыня камітэту Галіна Чыгрынава.

«Трэба прызнаць віну прэзідэнта»

Пра смерць Коржыча стала вядома 3-га кастрычніка. Аднак афіцыйная рэакцыя з боку Следчага камітэту і кіраўніка дзяржавы прагучала толькі на 10-ы дзень пасля трагічнага здарэння. І калі напачатку Міністэрства абароны ўсе факты, агучаныя роднымі Аляксандра, называла чуткамі і домысламі, то цяпер выбрала іншую тактыку.

«Тут ясна – трэба прызнаць віну прэзідэнта, прызнаць віну ягоных падначаленых, Міністэрства абароны. Гэта заўсёды цяжка. Мы ведаем характар Аляксандра Рыгоравіча. Ён за 24 гады ніводнай памылкі не прызнаў», – даводзіць ветэран вайны ў Афганістане Аляксандр Камароўскі.

Не прызнае сваёй памылкі і міністр абароны Андрэй Раўкоў

За адстаўку якога ў дзяржаўныя органы скіраваныя ўжо прыблізна 10 тысяч подпісаў. Тым часам актывісты Аб’яднанае грамадзянскае партыі працягваюць грамадзянскую кампанію супраць дзедаўшчыны ў айчынным войску і плануюць зладзіць акцыі ў Менску, Горадні ды іншых гарадах.

Тым часам Цэнтр правоў прызыўніка стварыў у інтэрнэце Кнігу памяці, якая ставіць за мэту не даць схаваць праўду ад грамадскасці пра іншых загінулых жаўнерах у айчынным войску. Па крупінах, новыя жахлівыя факты робяцца здабыткам грамадскасці, спыніць якія ўжо не здольная аніякая дзяржаўная прапаганда.

Віталь Бабін, «Белсат»