Сям’і адмовілі ў праве навучацца па-беларуску


У гэтым годзе Аліна Грыневіч з Фаніпалю пайшла ў першы клас. Дзяўчынка марыла, што ў школе навучыцца добра размаўляць па-беларуску. Замест гэтага – адно расчараванне. Сям’і адмовілі ў праве навучацца па-беларуску, але на гэтым моўная дыскрымінацыя не скончылася.

«Па-першае, усе прадметы выкладаюцца па-руску. Па-другое, мы маем тры гадзіны рускай мовы на тыдзень, тры гадзіны рускай літаратуры на тыдзень і адну гадзіну беларускай мовы. Беларускай літаратуры ўвогуле ў раскладзе няма» – распавядае Яніна Грыневіч, маці Аліны.

Фаніпальская школа тут не ўнікальная. Такі ж расклад урокаў у першакласнікаў расейскамоўных школаў па ўсёй краіне. Яніна Грыневіч:

«Вельмі хацелася б, каб менавіта школа стала той установай, дзе дзіця можа засвоіць беларускую мову».

Праблема не толькі з мовай. У школах дагэтуль няма прадмету для вывучэння сусветнай літаратуры, вывучаецца расейская. Гістарычныя падзеі і героі часцяком разглядаюцца з пункту гледжання расейскай гістарыяграфіі ды традыцыі. Алег Трусаў, ганаровы старшыня ТБМ, тлумачыць:

«Дыскрымінацыя дзяржаўнай беларускай мовы ідзе ва ўсіх сферах жыцця, асабліва ў адукацыі. На беларускай мове вучыцца толькі крыху больш за 10 % усіх вучняў. І амаль не вучацца студэнты. Таму пра якую роўнасць можна казаць?»

Колькасць беларускамоўных школаў няўхільна скарачаецца, няма ніводнай вышэйшай навучальнай установы, дзе прадметы выкладалі б цалкам па-беларуску. Як вынік – сёння большасць беларусаў не могуць свабодна размаўляць па-беларуску. Жыхары Менску мяркуюць:

«Цяпер сітуацыя яшчэ горшая, чым раней, нават настаўнікі беларускай мовы – для галачкі ці неяк так размаўляюць-навучаюць».

«Магчыма, мы не ўжываем нашую родную мову, і мабыць, таму мы дрэнна на ёй размаўляем».

«Падрыхтоўка да ЦТ была ў мяне рэпетытарская, а не школьная, таму, мабыць, гэта больш заслуга выкладчыцы, а не школы, і маіх заняткаў асабістых».

Беларускае заканадаўства не прапісвае, хто мае сачыць за захаваннем моўных правоў. Няма ў заканадаўстве і адказнасці за моўную дыскрымінацыю. Таму, атрымліваецца, няма і рэальных рычагоў, каб адстойваць роўнасці дзяржаўных моваў у навучанні.

Вольга Чайчыц, belsat.eu