Святлана Калінкіна: «Лукашэнка будзе апраўдвацца»


Прадстаўнікі чатырох дзясяткаў медыяў, палітолагі, эканамісты, нават чальцы палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў. Прэс-служба кіраўніка краіны абяцае сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам у новым фармаце.

Але яшчэ ў часе апошняй вялікай размовы з расейскімі медыямі, якая адбылася менш за два месяцы таму, у лістападзе, усе заўважылі, кіраўнік Беларусі кажа ўсё тое, што мы неаднаразова чулі раней.

Каб Лукашэнка ўразіў, мусіць адбыцца сапраўды цуд

«Прабачце, але я сыходжу, усё што мог, я ўжо зрабіў, гэта лепшае, што ён мог бы зрабіць для краіны. Але я не бачу прыкметаў, што Лукашэнка асэнсаваў, што ён стаў замінаць развіццю краіны і таму ён будзе апраўдвацца», – упэўненая журналістка Святлана Калінкіна.

Сустрэчу перанеслі, таму што Пуцін

Пачаткова «вялікую размову» планавалі правесці 10 лютага, але перанеслі на гэтую пятніцу. Акурат на наступным тыдні кіраўнік краіны сустракаецца з Уладзімірам Пуціным. Найхутчэй, праблемы ў двухбаковых дачыненнях з Расеяй стануць лейтматывам прэс-канферэнцыі.

«Кепска з эканомікаю, кепска з Расеяй, адное з другім звязанае, яны даюць нафту, газ, крэдыты, плюс, я думаю, Лукашэнка паспрабуе яшчэ мацней звязаць і паказаць, у нас кепска менавіта таму, што Расея паводзіць сябе не па-братняму», – даводзіць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Нягледзячы на спробу акрэдытацыі, «Белсат» на «Вялікую размову» не запрасілі

Выпадкаў, калі медыі атрымліваюць магчымасць задаць сапраўды вострыя пытанні, за апошнія гады можна пералічыць на пальцах адной рукі.

З таго часу нязручных тэмаў толькі паболела, гэта не толькі крызіс у дачыненнях з Расеяй. Але і пытанні падатку для дармаедаў, адсутнасць працы і славутай беларускай стабільнасці.

«Хачу нагадаць яшчэ і пра тое, што ў Лукашэнкі словы і справы заўсёды разыходзяцца. Таму нават калі нешта такое рэвалюцыйнае прагучыць, гэта зусім не будзе азначаць, што сапраўды так яно і будзе», – цвердзіць спадарыня Калінкіна.

Спісы запрошаных журналістаў у прэс-службе кіраўніка краіны складалі асабіста

На размову з Лукашэнкам можа пайсці толькі запрошаны журналіст і ніхто іншы ад рэдакцыі. Адметна, што сярод тых журналістаў недзяржаўных медыяў, якія некалі сустракаліся з кіраўніком краіны, так бы мовіць у вузкім коле, не запрасілі нікога.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»