Свята за кратамі: Актывісты вырашылі павіншаваць палітвязняў і адправілі ім паштоўкі


«Адведаць фізічна іх нам не дадуць, а вось наведаць словам мы іх можам», – напісаў у сваім «Facebook» Зміцер Дашкевіч і заклікаў усіх неабыякавых сабрацца а 15-й гадзіне каля Галоўпаштамту, каб падпісаць калядныя паштоўкі палітвязням.

«Кожны чалавек, які затрымоўваўся ў Беларусі, або адбываў нейкія тэрміны зняволення, вельмі выразна разумее, наколькі важна, каб была падтрымка, наколькі радасна ў камеры, у зонаўскім атрадзе атрымліваць нейкія лісты», – кажа Зміцер Дашкевіч.

Паводле яго, паштоўкі важныя не толькі зняволеным. Вялікай колькасці лістоў здзіўляюцца і «калегі з камеры», і працаўнікі зонаў.

«І вось сёння мы падпісвалі паштоўкі. Я ў царкве сваім братам і сёстрам раздаваў – больш за 150 мы падпісалі і раздалі. Сёння сюды прынеслі паштоўкі. Я думаю, што прыблізна некалькі соцень паштовак пойдзе на восем адрэсаў», – працягвае Зміцер Дашкевіч.

Неабгрунтавана асуджанымі Дашкевіч лічыць сярод іншых ашмянскага мытніка Алеся Юркойця; футбольных фанатаў і анархістаў Вадзіма Бойку, Змітра Цехановіча, Філіпа Іванова ды Іллю Валавіка; добраахвотніка «Правага сектару» Тараса Аватарава. Акрамя паштовак, кожнаму зняволенаму дашлюць беларускамоўныя пераклады Бібліі.

«Проста хочацца словам падтрымаць і надаць ім нейкую надзею, натхненне. Сказаць ім, што мы памятаем», – адзначае сябра «Маладога фронту» Крысціна Самойлава.

Афіцыйна палітзняволенымі лічаць у Беларусі выкладчыка з Віцебску, праваабаронцу Міхаіла Жамчужнага і менскага актывіста Змітра Паліенку. Колькасць жа тых, хто зазнае пераслед за іншадумства, усцяж расце.

Напярэдадні затрымалі і змясцілі ў псіхіятрычны шпіталь у «Навінках» удзельніцу вулічных акцыяў пратэсту 2016-17-га гадоў Галіну Лагацкую. Папярэдне ў яе забралі маёмасць з прычыны нясплочаных штрафаў. А актывістку Наталлю Гарачку-Басалыгу 28-га снежня асудзілі на 15 содняў арышту за нібыта хуліганства ў судзе. Паводле праваабаронцы Валера Шчукіна, новы год яна сустрэне, трымаючы галадаванне.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu, фотаздымак на застаўцы да відэа са старонкі ў «Instagram» Змітра Дашкевіча