Аб'ектыў 16.08.2017 «Свінняў колькі мы забілі? А тысяч сем». Каля свінафермаў – блокпасты


Вёска Пірэвічы Жлобінскага раёну, што на Гомельшчыне, ужо на пад’ездах нагадвае імправізаваны бастыён: выстаўленыя вакол паселішча пасты аўтаінспекцыі пільнуюць тут зусім не ПДР.

Ад канца ліпеня Пірэвічы на каранціне

«Каранцін кругласуткавы. Правяраюцца ўсе машыны на выездзе і ўездзе. Усе захады прынятыя. Каранцін звязаны з хваробай», – зазначыў Уладзімір Гаспадароў, старшыня Пірэвіцкага сельсавету.

Паводле мясцовых жыхароў, на падворку аднаго з іх – Паўла Багатава – быў зафіксаваны агмень АЧС.

«Як бы ён павез прадаваць. І недзе ў Жлобіне там высветлілі, што нібы чумка нейкая свіная. Дакладна ніхто нічога не ведае. Ну але мянты стаяць паўсюль», – кажа Аляксандр Ляжайка, мясцовы жыхар.

Панікі сярод вяскоўцаў няма

Маўляў, улады дзейнічалі аператыўна ды не дазволілі хваробе распаўсюдзіцца.

«Свіней закапалі. Ну, усыпілі іх, потым чымсьці апрацавалі і закапалі. Яны абыходзілі ўсе двары, рабілі апісанне, у каго ёсць гаспадарка і папярэдзілі, якія першыя прыкметы і куды звяртацца», – падзялілася Людміла Архіпенка, жыхарка Пірэвічаў.

На іншых падворках свінняў не чапалі

«Сказалі нікуды не пускаць ды нікуды не заходзіць, чужых людзей у падворак не пускаць. Распісаліся – і ўсё», – кажа яшчэ адна жанчына Таццяна Багамазава.

Днямі «Белсат» спрабаваў высветліць сітуацыю вакол свінакомплексу «Добрая хруша»

Ля вёскі Зялёныя Лукі, што таксама на Гомельшчыне, карціна аналагічная: на дарогах і нават у лесе – пасты міліцыі, праезд толькі паводле спісаў, улады наяўнасць праблемы адмаўляюць.

Мясцовыя ж жыхары распавядаюць, што свінакомплекс практычна спыніў сваё існаванне пасля раптоўнай і татальнай зачысткі яго гадаванцаў.

«Свіняў колькі мы забілі? А тысяч сем, напэўна. Астатняе – у падзе. Білі мы іх токам, гуманна. Там я нічога добрага не бачыў. І нам нічога ўвогуле не гаварылі. То бок чаму мы іх забівалі – мы не ведаем», – прызнаўся працаўнік «Добрай хрушы» Уладзімір Корань.

Невядомым застаўся і нападнік, які абліў нашага калегу Кастуся Жукоўскага нейкай хіміяй, калі той намагаўся спраўдзіць інфармацыю пра эпідэмію АЧС на свінакомплексе. Журналіст тады нават трапіў у шпіталь. Калі ж чумы няма, то з чаго гэткая агрэсія? Дый лепш бы не людзей, а чуму апырсквалі: глядзіш, мо і сапраўды тады пранясе!

Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары