Свет заклікае Расею вызваліць Алега Сянцова


Беларусы, расейцы, украінцы ды літоўцы салідарныя з Алегам Сянцовым. Сёння каля амбасады Расеі ў Вільні патрабавалі вызвалення з расейскай турмы ўкраінскага рэжысёра, які амаль тры тыдні трымае бестэрміновую галадоўку. Рэжысёрская супольнасць Літвы склала адпаведную петыцыю, пад якою падпісалася больш за 200 асобаў.

«Так не павінна быць. Каб наш калега сядзеў за кратамі, нічога не зрабіўшы. Але не толькі ён, але і іншыя, праз якіх ён зараз галадае», – лічыць літоўская рэжысёрка Гіедрэ Бяйнаруце.

Арганізатарам акцыі салідарнасці з Алегам Сянцовым выступіў Расейскі еўрапейскі рух. Падчас віленскай акцыі салідарнасці яе ўдзельнікі выказаліся таксама за байкатаванне чэмпіянату свету па футболе, які сёлета праходзіць у Расеі.

«Які чэмпіянат, калі вось тут побач, за плотам, памірае чалавек, прыгнечаны гэтым рэжымам, гэтымі бандытамі?», – запытваецца Ірына Калмыкава з Расейскага еўрапейскага руху.

Акцыя салідарнасці дзеля падтрымання Сянцова прайшла і ў Кіеве на Майдане Незалежнасці. Падобныя акцыі адбыліся ў Нямеччыне, Эстоніі, ЗША, Канадзе, Партугаліі ды шмат якіх іншых краінах.

Алега Сянцова затрымалі ў Крыме ў 2014 годзе. А ў жніўні 2015-га расейскі суд прызнаў яго вінаватым у рыхтаванні тэрактаў на паўвостраве ды прыгаварыў да 20 гадоў турмы. Сёлета 14 траўня Сянцоў абвесціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваннем вызваліць усіх украінскіх зняволеных у Расеі.

Віталь Бабін, «Белсат»