Свет байкатуе, а Лукашэнка паехаў на мундыяль


Падзея, якую футбольныя заўзятары чакалі чатыры гады. Расея ўпершыню ў гісторыі прымае найбуйнейшую спартовую імпрэзу – Чэмпіянат свету. На сённяшнім адкрыцці спаборніцтваў прысутнічалі высокія госці, у тым ліку і Аляксандр Лукашэнка. Чаго чакаць ад мундыялю як са спартовага, гэтак і з палітычнага бакоў?

65 матчаў, 32 краіны-удзельніцы, адзін пераможца. Сёння ў Расеі стартаваў чэмпіянат свету па футболе – падзея, за якой бліжэйшы месяц будзе сачыць уся планета.

У дачыненні да гэтага чэмпіянату свету шмат разоў выкарыстоўваецца слова першы – першы раз у Расеі, першы раз ва Усходняй Еўропе, на тэрыторыі двух частак свету – Еўропы і Азіі, першы раз з выкарыстаннем відэапаўтораў для арбітраў падчас гульні.

«Сістэма відэапаўтораў цалкам зменіць футбол. Ён, вядома, не стане падобным да хакея, дзе ёсць паўзы і пастаянныя прагляды, але прыбярэ тыя эмоцыі, якія мы атрымліваем, як заўзятары, і гульцы атрымліваюць ад нейкіх несправядлівых рашэнняў арбітра. Адпаведна, сама гульня ўжо будзе па-іншаму глядзецца – гульцы будуць ведаць, што зараз паглядзяць паўтор», – распавядае журналіст by.tribuna.com Андрэй Маслоўскі.

Паводле букмекераў, галоўнымі прэтэндэнтамі на перамогу з’яўляюцца зборныя Бразіліі і Германіі, якія прывезлі проста зорныя склады і знаходзяцца на піку формы. Адкрыццём чэмпіянату эксперты бачаць каманду Бельгіі, у якой падабраўся цудоўны па імёнах склад гульцоў.

І сапраўды, чэмпіянат свету па футболе праходзіць раз у чатыры гады, таму прыцягвае шмат увагі не толькі з боку публікі, якая традыцыйна цікавіцца самай папулярнай гульнёй з мячом.

«Гэта заўсёды падзея, для соцень мільёнаў, мільярдаў людзей. Гэта бясспрэчна. І гэта свята. Вядома, для палітыкаў, гэтыя акалічнасці набываюць сэнс – дзе праводзіцца, як будзе выкарыстоўвацца. Пра гэта трэба было думаць, калі прымалася рашэнне, дзе будзе праходзіць чэмпіянат свету», – кажа палітык Анатоль Лябедзька.

Менавіта права Расеі на правядзенне чэмпіянату свету па футболе эксперты звязваюць з карупцыйным складнікам – пасля гэтых рашэнняў ФІФА ў арганізацыі адбыліся гучныя скандалы, якія скончыліся крымінальнымі справамі і практычна поўнай зменай яе кіраўніцтва. Але ў самой Расеі цяпер больш пытанняў выклікае спартовы складнік спаборніцтваў.

«Апошнія вынікі не наводзяць на нейкія вясёлкавыя перспектывы расейцаў. Тут, хутчэй, яшчэ рэкорд дарэвалюцыйны можна пабіць, калі не выйграць у Саудаўскай Аравіі яшчэ. Можна, канешне, увайсці ў гісторыю і стаць першай камандай – гаспадыняй турніру, якая не выйшла з групы. Я думаю, што такога не здарыцца, хоць, з другога боку – каго там рухаць: Уругвай ці Егіпет з Салахам?», – кажа журналіст by.tribuna.com Андрэй Маслоўскі.

Заходнія дзяржавы байкатуюць чэмпіянат свету ў Расеі палітычным, а не спартовым чынам: ніхто з важных еўрапейскіх і амерыканскіх палітыкаў у складзе афіцыйных дэлегацыяў не збіраецца прысутнічаць на матчах, хоць ні адна з каманд, што трапілі ў фінальную частку чэмпіянату, не байкатуе спаборніцтвы.

«Для ўсіх аўтарытарных рэжымаў спорт – гэта ўвогуле вялікая частка палітыкі. І, канешне ж, Крэмль праз свае прапагандысцкія магчымасці будзе гаварыць, што няма ніякіх праблемаў у стасунках са светам, што іх прызнаюць, што да іх прыехала чатырыста тысяч заўзятараў. Што нават прэзідэнт Судану, Аляксандр Рыгоравіч і Аліеў даехалі», – кажа Анатоль Лябедзька.

У той жа момант, адзначаюць эксперты, не варта чакаць нейкай масавай негатыўнай рэакцыі замежнікаў. Хоць для расейскай грамадзянскай супольнасці чэмпіянат з’яўляецца выдатнай магчымасці расказаць свету пра рэальны праблемы і паказаць унутраны двор Расеі, а не толькі прыгожы фасад.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu