«Сваіх не кідаем». Чым зоймецца праваабаронца Андрэй Бандарэнка?


Прафесійная супольнасць, якая не пакіне чалавека аднаго. Андрэй Бандарэнка, які 31-га сакавіка выйшаў на волю, плануе стварыць асацыяцыю праваабаронцаў Беларусі. Паводле Бандарэнкі, такое абʼяднанне адмыслоўцаў патрэбнае яшчэ і для вызначэнне крытэраў працы – у тым ліку крытэраў вызначэння палітычных зняволеных.

Абʼяднаць праваабарончыя арганізацыі ў асацыяцыю

Гэткі план праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі. З ім былы вязень, які выйшаў на волю ў мінулую пятніцу, падзяліўся падчас сустрэчы з журналістамі сёння ў Менску.

Агульнай жа мусіць быць не толькі сама арганізацыя, але і падыход да працы. У прыватнасці, крытэры, паводле якіх вязню надаецца статус палітычнага, адзначае Бандарэнка. Паводле яго, такое рашэнне мусіць прымацца калегіяльна.

Бандарэнка падкрэсліў, што зробіць усё магчымае дзеля вызвалення палітычных зняволеных, у тым ліку свайго паплечніка Міхаіла Жамчужнага.

«Платформ Інавэйшн» – праваабарончая арганізацыя, якую ачольваў Бандарэнка. Яна займалася маніторынгам выканання правоў чалавека ў турмах ды ізалятарах. За сваю дзейнасць кіраўнік «Платформы» неаднаразова пераследваўся ўладамі, а ў 2014 годзе яго абвінавацілі ў злосным хуліганстве ды асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сам Бандарэнка лічыць гэта правакацыяй і помстаю, як і ціск, які на вязня аказвалі ў калоніі.

Што ж да будучыні арганізацыі «Платформа інавэйшн», у ранейшым выглядзе яе не будзе – паводле Бандарэнкі, цяпер праект пачне надзяляць больш увагі менавіта грамадзянскаму кантролю.

Кацярына Андрэева, «Белсат»