Беларусь і Расея: замарожванне канфлікту


8 дзён, калі лічыць з сёння

За гэты час Беларусь павінная выканаць сваю долю дамоўленасцяў. Тады і Расея прыступіць да выканання сваёй часткі абяцанняў. Такія былі ўмовы пагаднення паміж Лукашэнкам і Пуціным, дасягнутага ў панядзелак. Выканаць іх Менску будзе няпроста.

Адная з галоўных умоваў – пагашэнне Менскам запазычанасці за газ у аб’ёме больш як $ 700 млн. Мінулае газавае замірэнне, дасягнутае летась, сарвалася акурат з прычыны таго, што Беларусь не здолела выканаць гэтай умовы. Хоць доўг складаў тады ўдвая меншую суму, чымся цяпер. Сёння віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч падкрэсліў – калі запазычанасці не выплацяць, не будзе і аднаўлення аб’ёмаў паставак нафты.

Не спадае напружанасць і на харчовым фронце

Прадстаўнікі «Рассельгаснагляду» прыбылі ў Беларусь для інспекцыі айчынных прадпрыемстваў, якім раней забаранілі пастаўкі ў Расею – на прадмет аднаўлення іх экспартавых сертыфікатаў.

Вынікі правяранняў пакуль невядомыя, але ў дачыненні да новых партыяў беларускай прадукцыі расейскія інспектары працягваюць дзеяць як і раней. Сёння ўпраўленне «Рассельгаснагляду» ў Бранскай вобласці забракавала 13 тонаў бабруйскага селядца. Старшыня «Рассельгаснагляду» заявіў, што калі расейскія ўлады хочуць ад яго змены метадаў працы з Беларуссю, то хай, маўляў, увогуле здымуць з яго гэтую адказнасць.

Гуркі ў Менску каштуюць больш, чым у Маскве.

Між тым рээкспарт заходніх харчоў у Расею не толькі раз’юшвае Крэмль, але адмоўна адбіваецца на беларукіх спажыўцах. Бо вялікая доля таннай еўрапейскай ежы, што паступае ў Беларусь, не застаецца на айчынных прылаўках, а адпраўляецца кантрабандаю на ўсход. У тым ліку з прычыны гэтага шэраг прадуктаў, сярод іншага, памідоры ці гуркі, у Менску цяпер каштуюць больш, чым у Маскве.

Праблемы паміж краінамі застануцца

Нават калі бакі выканаюць умовы замірэння цяпер, спрэчныя пытанні, у агляднай будучыні, зноў выплывуць на паверхню.

«Калі сказаць вельмі жорстка, то гэта – замарожванне канфлікту. Бо глыбінныя праблемы менавіта ў саюзніцкіх дачыненнях – ня вырашаныя», – упэўнены Андрэй Суздальцаў з Найвышэйшай школы эканомікі ў Маскве.

Неразвязанае галоўнае пытанне – аб’ём расейскіх субсідыяў Менску за апошнія гады кардынальна скараціўся, а без іх Менск не можа расплочвацца па ўзятых раней даўгах.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: peremogi.livejournal.com