Сусветны банк: бізнес-клімат у Беларусі палепшыўся


Пяцёрку найбольш актыўных рэфарматараў у свеце ўвайшла сёлета Беларусь паводле рэйтынгу «Дуінг бізнес». Больш станоўчых зменаў, чым у нас, на думку Сусветнага банку, адбылося толькі ў Брунеі, Казахстане і Кеніі.

Паводле рэйтынгу, Беларусь цяпер усяго на 7 пазіцыяў адстае ад трыццаткі краінаў з найбольш спрыяльным асяроддзем для бізнесу. Беларуская канфедэрацыя прадпрымальніцтва – найбуйнейшае аб’яднанне айчынных бізнесоўцаў – успрыняла гэтую ацэнку Сусветнага банку са здзіўленнем.

ВІКТАР МАРГЕЛАЎ, СУСТАРШЫНЯ РЭСПУБЛІКАНСКАЙ КАНФЕДЭРАЦЫІ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА

«Ну, я думаю, гэта нехта пажартаваў – наконт пяцёркі рэфарматараў. Нас гэты шлях яшчэ толькі чакае. Спадзяюся, што не запозна».

Найвялікшых паляпшэнняў, паводле «Дуінг бізнэс», Беларусь дасягнула ў справе спрашчэння доступу арганізацыяў да электрасетак, урэгулявання банкруцтваў і абароны правоў мінарытарных акцыянераў. Пры гэтым, на думку тутэйшага бізнесу, паводле ўсіх названых катэгорыяў зроблена толькі частка таго, што неабходна. Сярод іншага – паводле апошняй.

ВІКТАР МАРГЕЛАЎ, СУСТАРШЫНЯ РЭСПУБЛІКАНСКАЙ КАНФЕДЭРАЦЫІ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА

«Распавядаюць шматлікія выпадкі, калі, у прынцыпе, меркаванне мінарытарных акцыянераў ігнаруецца. Трэба працаваць, праблема яшчэ – вельмі вялікая».

На параўнаўча высокім 37-ым месцы ў рэйтынгу Беларусь трымаецца перадусім дзякуючы лёгкасці рэгістрацыі фірмаў і маёмасці. Хутчэй, чым у нас, пакупку дому ўзаконьваюць толькі ў Новай Зеландыі, Літве, Грузіі ды Руандзе. Што праўда, да здзіўлення замежных інвестараў, потым угоду ў любы момант могуць адмяніць і адабраць купленую маёмасць назад. А гэты параметр у сёлетні рэйтынг не ўваходзіць. Аналагічная сітуацыя ў нас з рэгістрацыяй бізнесу. Фірму ў нас можна адкрыць хутка – усяго за 3 дні, але…

АНАТОЛЬ ШУМЧАНКА, СТАРШЫНЯ РГА «ПЕРСПЕКТЫВА»

«Але калі мы туды ўключым, напрыклад, такі паказнік як закрыццё бізнесу… На якім месцы мы апынемся, ведаючы тыя працэдуры, якія ў нас сёння ёсць?».

Сам Сусветны банк – аўтар «Дуінг бізнэс» – прызнае – адное толькі паляпшэнне ў гэтым рэйтынгу інвестараў у Беларусь не прыцягне.

КІМ ЁЎНГ ЧХУЛЬ, ДЫРЭКТАР ПРАДСТАЎНІЦТВА СБ У БЕЛАРУСІ

«Для гэтага ўраду неабходна дапоўніць рэформы, якія разглядаюцца ў дакладзе «Вядзенне бізнесу», прыняццем своечасовых захадаў у галіне эканамічнай палітыкі для ліквідацыі структурных бар’ераў росту»

Іншымі словамі, не толькі спрашчаць бюракратычныя працэдуры, але мяняць структуру эканомікі. Сярод іншага – перастаць фінансаваць стратны дзяржсектар за кошт бізнесу. Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка, аднак, даў на гэта адназначны адказ.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК КРАІНЫ

«Спыніце ўсялякія размовы наконт нейкага рэфармавання, яшчэ нечага. Трэба працаваць з тым, што ёсць».

З прычыны адмовы ўладаў ад структурных рэформаў Беларусь па-ранейшаму далёка адстае ад развітых краінаў паводле найважнейшых паказнікаў для бізнесу. Падатковая нагрузка на бізнес вырасла за апошні год да амаль 55 % ад прыбытку і нашая краіны спусцілася ў гэтай галіне на 99-ае месца ў свеце. Паводле дасяжнасці крэдытаў мы – на 101-ым месцы. Бюракратычныя працэдуры ў выдаванні пазыкаў сёлета крыху спрасціліся, але іх кошт застаецца забараняльны.

Станіслаў Івашкевіч, Менск