Судзяць менчука, які паказаў геніталіі танкам і ўдарыў даішніка. Пацярпелыя просяць літасці


На лаве падсудных – 33-гадовы мянчук Павел Труханаў. Мужчыну вінавацяць у хуліганстве ды ў нападзе на супрацоўніка міліцыі. У чэрвені, падчас рэпетыцыі параду да Дня незалежнасці, мужчына выйшаў на праезджую частку вуліцы Арлоўскай ды агаліўся перад калонаю вайсковай тэхнікі. А неўзабаве ўдарыў супрацоўніка ДАІ, які падбег да парушальніка.

Адметна, што ў справе знайшліся пяцёра пацярпелыя

А менавіта – мінакі, што назіралі за рэпетыцыяй параду. Але для некаторых з іх статус пацярпелых стаўся нечаканасцю. Яны лічаць, што абвінавачанне патрабуе для хулігана надта жорсткага пакарання.

«Кожны з нас бы так лічыў, што непрыгожая сітуацыя, калі прыйшоў мужчына на вуліцы, там і дзеці былі і пенсіянеры, так, непрыемна, але я ўявіць не магла, што для яго гэта ўсё так павернецца, шкада», – кажа адна з пацярпелых Галіна Платонава.

Ад кампенсацыі адмовіўся і пацярпелы супрацоўнік ДАІ

Са словаў Барыса Кляшчэнкі, фізічнай шкоды яму не нанеслі, а што да маральнай – для яго дастаткова пакаяння падсуднага.

Паводзіны ж падсуднага пракурор назваў жаданнем самасцвердзіцца шляхам дзёрзкага ўчынку. Псіхолагі ж не выключаюць і наўмыснага выказвання негатыўнага стаўлення да параду.

«Калі ж чалавек не мае псіхічнага захворвання, але на такі ўчынак пайшоў і яго здзейсніў, то тут можа быць мэта, матывы і чалавек іх усведамляе, ён можа іх растлумачыць, у гэтым выпадку мы маем справу з акцыяй-перформансам», – тлумачыць псіхолаг Людміла Мірзаянава.

Труханаў патлумачыў паводзіны нецвярозым станам ды прызнаў віну

«У той дзень я з жонкай і дзіцем быў на Дне народзінаў сяброўкі… Пілі гарэлку, сам пʼю не часта, як звычайныя людзі, толькі па святах… Потым жонка выклікала таксі, але дадому не даехалі, таму што нас высадзіў таксіст. Усё было перакрытая. Памятаю толькі, як пайшоў на святло ў цемры, а далей я ўжо ляжаў у кайданках», – узгадвае падсудны Павел.

Слухаць справу працягнуць заўтра ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. Пакуль жа Паўлу пагражае да 6-ці гадоў пазбаўлення волі.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum