Аб'ектыў 16.03.2017 Судовы канвеер жорстка карае пратэстоўцаў


Рахунак за ўчорашнія мірныя пратэсты – больш за паўсотні пакараных арыштамі і штрафаў. Ва ўсіх трох пратэстных гарадах сёння масава праходзілі судовыя паседжанні. Усім анархістам – ад 12 да 15 содняў арышту. Галоўнымі сведкамі ў судах былі самыя міліцыянты. Іх паказанні пераважна ўяўлялі сабой блытаніну, а рашэнні выносіліся насуперак фактам.

Менск, Магілёў, Горадня. Збіццё, брутальныя затрыманні ды арышты мірных людзей

Уначы міліцыянты працягвалі здзекавацца. Гэтым разам з бацькоў і сваякоў затрыманых. Да самой раніцы людзі не ведалі пра лёс сваіх блізкіх.

Каля сценаў Цэнтральнага і Першамайскага ўпраўлення ўнутраных справаў Менску цэлую ноч гучалі патрабаванні даць хоць нейкую інфармацыю.

З самой раніцы рушылі суды

У Цэнтральны суд Менску прыехалі два аўтазакі. У іх былі ахвяры міліцэйскіх хапуноў – як мінімум 27 асобаў.

«Ідзе канвеер. Бачна, што тут прысутнічае куратар, які падказвае хто куды ідзе. Ён працуе з сакратарамі судоў. Яны знаёмяцца са справамі прама тут на падаконніку», – распавёў Андрэй Пятроў, грамадскі актывіст.

Затрыманыя скарадзіліся на катаванні

«Афармлялі нас з 8 увечары да 3 гадзінаў уначы. Увесь гэты час мы стаялі на нагах», – зазначыла затрыманая Алена Немік.

«Мне нанеслі ўдар па галаве зверху. Я мяркую, што гэта было зроблена, каб не пакідаць слядоў», – дадаў затрыманы Арцём Маркін.

Як мінімум дзесяць затрыманых прывезлі ў Першамайскі суд. Пераважна гэта тыя, хто нават не паспеў далучыцца да акцыі, іх затрымалі прэвентыўна.

«Людзі былі ў цывільным. Яны папрасілі прайсці, каб спраўдзіць дакументы. Я не аказала супраціў. Цяпер мяне вінавацяць у хуліганстве», – сказала затрыманая Елізавета Пракопчык.

Сапраўдны канвеер запусцілі і ў судзе Савецкага раёну

На справядлівыя прысуды тут таксама ніхто не разлічваў.

Сярод затрыманых самыя розныя асобы: маладзёны, студэнты, прадстаўнікі грамадскіх рухаў, а таксама тыя, хто выпадкова аказаўся побач з удзельнікамі акцыі пратэсту (сярод іх і грамадзянін Расеі Павел Маркаў). Лаянка, непадпарадкаванне міліцыі, антыдзяржаўныя лозунгі, маскі на тварах – гэта толькі некаторыя абвінавачанні, якія выстаўлялі працаўнікі міліцыі ў пратаколах. Яны ж былі і галоўнымі сведкамі на судах.

Затрыманых чакалі жорсткія пакаранні

Ад 12 да 15 содняў адміністратыўнага арышту. Сярод тых, хто трапіў за краты ў Менску, Яўген Дзядкоўскі, Сяргей Мацкойць, Максім Курцоў, блогер Пётр Маркелаў, а таксама брат былога палітзняволенага Эдуарда Лобава – Уладзіслаў.

«Сама краіна такая. Моладзь бачыць, што ў нас адбываецца, бачаць усю несправядлівасць. Гэта іх правакуе», – упэўненая спадарыня Марына, маці братоў Лобавых.

На другім месцы судовага канвееру быў сёння Магілёў

Паводле звестак праваабаронцаў, пасля ўчорашняй акцыі пратэсту затрымалі як мінімум 11. Змітру Люнтаву, Ігару Чыраку і Алегу Мяцеліцы прысудзілі 15 і 12 содняў арышту. У сваю чаргу Алена Кісель, Аляксандр Царук і Канстанцін Чарноў атрымалі буйныя штрафы. Апошняга затрымалі з паламанымі рукамі.

У Горадні пакуль вядома пра адзін прысуд. 13 соднямі арышту пакаралі сябру АГП Аляксандра Арсенцьева. Імаверна, што суды працягнуцца заўтра.

Як Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары