Судны дзень для журналістаў, недармаедаў і абаронцаў Курапатаў


Працяг судоў над удзельнікамі акцыяў пратэстаў. Сёння ў Менску і Гомлі прайшлі каля двух дзясяткаў чарговых разбіранняў.

Найгорш сёння было ў Гомлі

Судоваму канвееру папярэднічала акцыя салідарнасці з усімі, хто апошнімі днямі трапіў за краты. У судзе Цэнтральнага раёну разглядалі дзесяць справаў.

Хутка стала вядома, што адміністратыўны арышт за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі прысудзілі актывістам Уладзіміру Кацору, Андрэю Стрыжаку, Анатолю Паплаўнаму і Дзмітрыю Сабураву. Іншых пакаралі буйнымі штрафамі. Праваабаронца Леанід Судаленка атрымаў адміністратыўнае папярэджанне.

«Акцыі прайшлі мірна, ніхто нічога не парушыў і ўсё роўна актывістаў і журналістаў за гэта пераследваюць», – звяртае ўвагу праваабаронца Леанід Судаленка.

Асобна судзілі Ларысу Шчыракову

Незалежная журналістка, якая супрацоўнічае з «Белсатам», атрымала больш за Br 160 штрафу.

«Гэта пераслед за маю журналісцкую дзейнасць. На самой справе я не ўдзельнічала ў акцыі. Я ўвесь час была з камерай», – зазначыла спадарыня Шчыракова.

У Менску беларуская Феміда раздавала пераважна буйныя штрафы

Актывісты атрымлівалі пакаранне ў выглядзе грашовых спагнанняў ад 20 да 50 базавых велічыняў, што максімальна складае больш за Br 1000. Некаторыя разборы ператварыліся ў пратэсты. Актывістка Вольга Маёрава падаравала суддзі Чараповіч рондаль, з якім выходзіла на акцыю.

«Я ёй патлумачыла: некалі ў краіне будзе люстрацыя і вось тады ёй гэты рондаль прыдасца, каб разам з Ярмошынай варыць боршч». – патлумачыла ўчынак Вольга Маёрава.

За ўдзел у Маршы недармаедаў, які прайшоў у сталіцы 17 лютага, пакаралі як мінімум сем асобаў. Сярод іх – грамадскі актывіст Леанід Кулакоў, лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, актывісткі Мая Навумава і Вольга Мікалайчык. Справы разглядалі ў судах Першамайскага і Цэнтральнага раёну. Некаторыя з затрыманых падрыхтаваліся да найгоршага. Таму прынеслі ў суд усе неабходныя для адседкі рэчы.

Да адміністратыўнага арышту прысудзілі ўдзельніцу пратэстаў Галіну Лагацкую. Са словаў затрыманай, дзесяць содняў за кратамі – нішто ў параўнанні з тым, што давялося ёй перажыць да суда.

«Прымянілі фізічную сілу, схапілі за валасы, зняважылі, назвалі скончанай дурай. Я выклікала хуткаю», – узгадвае затрыманая спадарыня Лагацкая.

Частка асуджаных на пратэстах і ў судзе апынуліся ўпершыню.

Адначасова ў Менску праходзілі суды і над абаронцамі Курапатаў

Суд Маскоўскага раёну Менску пакараў актывіста Паўла Вінаградава штрафам больш за Br 1000. Разгляд справы супраць Яўгена Батуры перанеслі на 22-га сакавіка.

«Тыя 2 сведкі, якія сведчылі супраць мяне вырашылі казаць праўду, яны сталі на бок людзей», – падкрэсліў Батура.

Сённяшні дзень быў працягам учорашняга судовага канвееру

Са звестак праваабаронцаў у суды трапілі больш за паўсотні чалавек. Значную частку прысудзілі да арышту ад 12-ці да 15-ці содняў. Пераважная большасць затрыманых – маладзёны, студэнты, грамадскія актывісты. Паводле назіральнікаў, як учора, гэтак і сёння разборы адбываліся з грубым парушэннем заканадаўства. Галоўнымі сведкамі на працэсах былі самыя міліцыянты.

«Спокойствие, только спокойствие»

Жахлівыя затрыманні ды прысуды сталі тэмаю размоваў старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ Крыстынэ Мутанэн з Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўніцтва Беларусі паабяцала, што міліцыя будзе захоўваць стрыманасць у дачыненні пратэстаў недармаедаў.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: БелаПАН