Пачаўся працэс над апошнім удзельнікам Плошчы-2010


«Паклічце доктара ў каго ёсць тэлефон!!!!», – такіх драматычных падзеяў у судзе Маскоўскага раёну Менску сёння ніхто не чакаў. Уладзімір Кондрусь падчас паседжання спрабаваў адкрыць вены. Няўдалая спроба суіцыду выклікала шок у зале.

ІРЫНА, СЯСТРА ПАДСУДНАГА:

«Хто адкажа за тое, што людзям забіраюць здароўе гэтым усім»?

Хутка судовае паседжанне ператварылася ў акцыю пратэсту. Людзі крычалі «Вы абараняеце бандытаў!!!».

А больш за гадзіну да інцыдэнту Уладзіміра Кондруся ўвялі ў судовую залу пад воклікі «Слава героям!!!» тых, хто прыйшоў яго падтрымаць.

Адразу пасля ўваходу падсудны на знак пратэсту паклаўся на падлозе. Паводле ўдзельнікаў працэсу, Уладзімір Кондрусь пачуваўся вельмі кепска.

МІКОЛА СТАТКЕВІЧ, БЫЛЫ ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫ:

«Ён трымаў галадоўку, дайшоў да мяжы смерці. Гэта бачна па ім. Цяпер ён адмовіўся гуляць у іхную гульню».

Судовае паседжанне неаднойчы прыпынялі. Увесь час Уладзімір адмаўляўся ад удзелу ў ім. Удзельнікаў працэсу ўразілі паводзіны пракурора.

ІРЫНА, СЯСТРА ПАДСУДНАГА:

«Пракурор выходзіла з усмешкай на твары. Яна не вярталася гадзіну. Яе ўсё гэта так насмяшыла?

Зусім не смешная гісторыя Уладзіміра Кондруся пачалася 14 чэрвеня. У той дзень яго арыштавалі і змясцілі ў сталічным СІЗА № 1. Незадоўга да гэтага, між іншым, у інтэрнэт-выданні «Нашай Нівы» з’явіўся артыкул, прысвечаны імаверным правакатарам сярод удзельнікаў паслявыбарчай дэманстрацыі ў Менску 19 снежня 2010 года. На здымках быў бачны чалавек, вельмі падобны да Уладзіміра, які меўся выбіваць вокны ў Доме ўраду. Цяпер Кондруся вінавацяць ва ўдзеле ў масавых закалотах. Праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным.

ВАЛЯНЦІН СТЭФОНОВІЧ, ПРАВААБАРОНЧЫ ЦЭНТР «ВЯСНА»:

«Мы адзначалі, што некаторыя дэманстранты здзяйснялі актыўныя супрацьпраўныя дзеянні, такія як збіццё шкла ці іншыя. Але мы не былі згодныя, што гэта трэба кваліфікаваць як масавыя закалоты. Дзеянні Кондруся можа і можна кваліфікаваць як хуліганства ці дзеянні, якія груба парушаюць парадак, але па гэтых складах скончыліся тэрміны даўніны».

Тыя, хто за ўдзел у дэманстрацыі супраць выбарчых фальсіфікацыяў адбыў тэрміны зняволення, перакананыя, што пераслед Уладзіміра Кондруся цягам амаль шасці гадоў пасля Плошчы невыпадковы.

МІКОЛА СТАТКЕВІЧ:

«Я лічу гэты суд помстай злачынцаў сумленнаму чалавеку за ягоную спробу перашкодзіць іх злачынству. Кожныя пяць гадоў у краіне здзяйсняецца злачынства па артыкуле 357 «працяг дзяржаўнай улады неканстутыцыйнымі сродкамі. Гэта асабліва цяжкае злачынства: ад 10 гадоў да расстрэлу».

Ці з’явіцца ў Беларусі новы вязень Плошчы, пакуль невядома. Сёння суд вырашыў прызначыць Уладзіміру Кондрусю псіхіятрычную экспертызу. Не выключана, што далейшыя паседжанні адбудуцца без ягонага ўдзелу. Падсуднаму пагражае нават восем гадоў зняволення.

Ян Бабіцкі, «Белсат»