Суд за судом. Улады працягваюць пераслед «Белсату»


Суд над нашым калегам, аператарам Аляксандрам Баразенкам, які распачаўся сёння зранку, адкладзены да 9-га жніўня. Суддзя захацеў паразмаўляць з двума панятымі, якія бачылі канфіскаваную тэхніку Баразенкі з чужымі налепкамі «Белсату».

Працэс над відэааператарам тэлеканалу «Белсат» Аляксандрам Баразенкам у судзе Першамайскага раёну Менску пачаўся з таго, што суддзя Дзмітрый Цыкал забараніў весці здымкі ў зале паседжанняў. Далей ён адхіліў выснову спецыяліста аб праверцы Баразенкі на паліграфе (дэтэктары хлусні), з якога ясна вынікае, што на відэакамеры аператара ніякіх налепак «Белсат» не было.

Справа датычыць затрымання Баразенкі падчас Дня Волі

Не зважаючы на журналісцкае пасведчанне, супрацоўнікі міліцыі даставілі аператара ў Маскоўскі РАУС. Алесь быў адзіным журналістам, які трапіў тады за краты на 15 содняў. Абвінавачанне гучала так: за лаянку ў публічным месцы. А ўжо 31-га сакавіка ў беларускіх офісах «Белсату» прайшлі ператрусы. Як высветлілася, уся тэхніка тэлеканалу была ў налепках з лагатыпам кампаніі. Тады ж, у СІЗА, на камеры Баразенкі чароўным чынам зʼявілася і налепка «Белсат».

«Баразенку яны іх наляпілі ў ізалятары, у адзін з офісаў зайшлі ноччу і наклеілі. Ёсць сведчанні панятых, што налепкі былі пры аглядзе тэхнікі. У яшчэ адным офісе яны не саромеліся і клеілі проста пры нашым аператары, ён можа гэта пацвердзіць у судзе. Гэта спланаваная акцыя, супрацоўнікі ОБЭП не ведалі як канфіскаваць тэхніку законнымі метадамі, таму прыдумалі самы просты для сябе спосаб», – патлумачыў прадстаўнік «Белсату» у Беларусі Аляксей Мінчонак.

Афіцыйна міліцыя бароніць таварны знак «Белсат»

Знак стаў прадметам судовых спрэчак паміж нашым тэлеканалам і ўладальнікам фірмы «БЕЛСАТплюс» Андрэем Беляковым. Апошні займаецца продажам і абслугоўваннем спадарожнікавага тэлеабсталявання, і судзіцца з тэлеканалам «Белсат» ужо не першы год. Чарговае абвастрэнне справы прыпала акурат на канец сакавіка.

Ад пачатку года Беларуская асацыяцыя журналістаў налічыла агулам больш за 150 выпадкаў парушэння правоў працаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Былі і затрыманні, і штрафы, і нават гвалт у дачыненні журналістаў з боку міліцыі.

«Калі мы зараз спрабуем наладзіць нейкія адносіны з Захадам, Уладзімір Макей ездзіць па краінах Еўропы, то такія дзеянні ўладаў бʼюць па іміджу краіны», – зазначыў Барыс Гарэцкі, прэс-сакратар БАЖ.

Ці будуць зважаць на імідж суды і праваахоўнікі?

На 4-га жніўня запланаваны суд над нашай калегай – гомельскай журналісткай Ларысай Шчыраковай, якую сёлета пяты раз вінавацяць у «незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ». Позву ў суд з аналагічным абвінавачаннем атрымаў і іншы журналіст «Белсату» – Станіслаў Івашкевіч.

Ігар Кулей, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum