Суд вырашыў, што АМАП не меў рацыі


У сутыкненні з міліцыяй цяжка даказаць сваю невінаватасць, яшчэ цяжэй давесці свавольства сілавікоў. Але гэта атрымалася ў жыхара Слуцку, валанцёра праваабарончага цэнтру «Вясна». Суд нечакана апраўдаў затрыманага. Цяпер Юрый Мяцельскі дамагаецца ад дзяржавы грашовай кампенсацыі.

Выпіў шампанскага ў навагоднюю ноч, трапіў на двое содняў у ізалятар. Жыхар Слуцку Юрый Мяцельскі разам з сябрам пайшлі прагуляцца па вуліцах свайго гораду, як раптам да іх падышлі амапаўцы.

«Супрацоўнікам АМАПу вельмі не спадабалася, што я папрасіў прадставіцца і паказаць дакументы. А супрацоўніку РУУС вельмі не спадабалася, як я ўносіў заўвагі ў пратаколы», – кажа Юрый Мяцельскі.

У пастарунак забралі толькі Юрыя. Як патлумачылі міліцыянты, ім не спадабалася, што той «гуляўся ў юрыста». Затрыманаму памералі алкаголь – знайшлі 0,29 праміле. З такім паказнікам можна нават сядаць за стырно аўта. Але гэта не замінала міліцыянтам кінуць хлопца ў ізалятар. Знайшлі новае абвінавачанне – лаянка.

«Ложку не было, не было туалетнай паперы, не было магчымасці хадзіць у прыбіральню, не было сонечнага святла. Двое содняў пратрымалі ў гэтай камеры, не выводзілі на прагулкі. Не выдавалі кубка, каб піць гарбату. Былі толькі абрэзаныя пластыкавыя бутэлькі ў тых, хто там ужо сядзеў», – працягвае Юрый Мяцельскі.

Да таго ж міліцыянты здзекаваліся з Юрыя Мяцельскага – ударылі галавой аб лаўку, пагражалі пасадзіць у прэс-хату, зрабіць ластаўку. А тагачасны ўчастковы інспектар Аляксандр Савін заломваў рукі і прымушаў падпісваць сфабрыкаваныя пратаколы.

Затрыманні без дай прычыны. Нібыта за лаянку, нецвярозы стан ці непадпарадкаванне міліцыі, а насамрэч – часта надуманая зачэпка з боку сілавікоў. У выпадку Юрыя Мяцельскага адметнае тое, што Слуцкі суд не паслухаў міліцыянтаў і стаў на бок абвінавачанага.

Гэтак, суддзя апраўдаў падсуднага, не зважаючы на сведчанні амапаўцаў.

Цяпер Юрый Мяцельскі патрабуе выплаціць 500 рублёў за нанесеную шкоду і пакрыць выдаткі на адваката.

Прадстаўнік Міністэрства фінансаў, а менавіта гэтае ведамства займаецца выплатамі кампенсацыяў, Кірыл Мамонаў мяркуе, што для рабіць выплату няма. Бо грамадзянін не зазнаў маёмаснай шкоды, а тое, што суд апраўдаў Юрыя Мяцельскага, яшчэ не робіць дзеянні міліцыянтаў незаконнымі.

«Вельмі дзіўныя фармулёўкі. Ён чамусьці называе адміністратыўнае затрыманне не затрыманнем. Такое адчуванне складваецца, што тое, што чалавек адседзеў некалькі содняў у ізалятары, тое, што з яго здзекаваліся, вартае толькі таго, каб афіцыйна выбачыцца ў лісце», – кажа праваабаронца з «Вясны» Таццяна Палхоўская.

Пакуль Маскоўскі суд сталіцы адклаў паседжанне на 18-га ліпеня. Суддзя папрасіла дакументацыю са Слуцкага РУУС, а таксама хоча паслухаць сведчанні яго працаўнікоў.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu