Суд стаў на бок збітых міліцыяй людзей, але міліцыянтаў не пакараў


Унікальны выпадак: суд стаў на бок пацярпелых у справе аб міліцэйскім гвалце. У Любані завяршыўся працэс аб брутальным масавым затрыманні моладзі побач з клубам у самым цэнтры гораду. Але міліцыянтаў за гвалт і здзекі з моладзі не пакараюць.

Гэтак адбылося і сёлета 10 чэрвеня: кампанія маладых людзей увечары выйшла з клубу ў Любані, хлопцы стаялі каля аўтамабіля і размаўлялі. Паводле іх, раптам падышлі міліцыянты, адзін з якіх без папярэджанняў стаў зазіраць у аўтамабіль і нешта фатаграфаваць.

«Ветліва спытаў: на якой падставе вы залазіце ў маю машыну? Ён адказаў: якая табе справа? Атрымліваецца, ніяк не адрэагаваў і далей працягнуў свае дзеянні: капаўся, капаўся. Вылазіць з машыны, кажа: што ты хочаш? Мы цябе зараз увогуле закрыем тут», – распавядае любанскі блогер Уладзіслаў Бараноўскі.

Пабачыўшы такую рэакцыю, Уладзіслаў паспрабаваў зняць дзеянні міліцыянта на тэлефон. Аднак той спачатку пачаў пагражаць хлопцам, а пасля выклікаў падмогу з мэтаю ўсіх затрымаць.

«Адразу сталі заломваць за рукі. Я не хацеў на зямлю падаць, яны пачалі ставіць падножкі. Я сказаў «Што вы робіце?» І тут ззаду нехта газавым балончыкам запырскаў, і адразу ў машыну пасадзілі. Пасля адвезлі нас у аддзел. Мяне выцягнулі з машыны, адразу ў твар ударылі», – кажа мясцовы жыхар Артур Лемешаў.

Усяго былі затрыманыя і дастаўленыя ў мясцовае аддзяленне РАУС пяць чалавек, там на іх склалі па тры пратаколы на кожнага – за непадпарадкаванне і аказанне супраціву працаўнікам міліцыі, а таксама за перабыванне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы. Хоць хлопцы нічога не ўжывалі, а завезці іх на асведчанне міліцыянты адмовіліся. Адзначыўся і ўчастковы Андрэй Вішчэня, пра канфлікт якога з мясцовымі жыхарамі «Белсат» расказваў сёлета ў траўні.

«Працаўнік міліцыі Вішчэня, які складаў пратаколы, пісаў усе гэтыя пратаколы пад капірку. А відэа, якія я пісаў на тэлефон, з яго зніклі, тэлефон быў зламаны», – працягвае Бараноўскі.

Зніклі і відэазапісы з кабінету РАУС, у якіх, паводле хлопцаў, іх паклалі на падлогу і збівалі. Спачатку дзве гадзіны яны ляжалі на падлозе, пасля іх адправілі за краты. Уладзіслава Бараноўскага пратрымалі двое содняў – у камеры, разлічанай на двух чалавек, былі пяцёра. Родным нават не паведамілі, дзе ён. На наступны дзень ягоны бацька сам дабраўся да РАУСу, дзе, па ягоных словах, у яго адбыўся наступны дыялог з намеснікам начальніка Сяргеем Башурам.

«Я кажу: пусціце мяне паглядзець на сына, вы яго збілі. Ён кажа: так, збілі. Я кажу: а за што вы яго збівалі? А ён мне: не твая справа, мы яшчэ яго і пасадзім. Я кажу: вось даверанасць, дайце мне сустрэцца з сынам, паглядзець, у якім ён стане. І я цягам двух сутак дабіваўся сустрэчы з сынам, але мяне так і не дапусцілі», – дадае Бараноўскі.

Па выхадзе на волю Уладзіслаў Бараноўскі зняў пабоі – у выніку затрымання ён атрымаў расцяжэнне звязак на плячы і сінякі, а таксама заўважныя парэзы рук ад кайданкаў. Па выніку справы суд разгледзеў пратаколы, складзеныя міліцыянтамі, і вынес рашэнне – пратаколы ануляваць. Такім чынам, невінаватыя кары не панеслі, як, зрэшты, і тыя, хто праводзіў затрыманне.

Зміцер Міцкевіч; фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum