Суд прызнаў пацярпелым міліцыянта, які страляў хлопцу ў спіну


Гэтага моманту доўга чакалі сваякі і сябры Андрэя Гаўроша. 29-гадовага менчука вызвалілі з-пад варты ў судовай зале. Яму прысудзілі пяць гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Сустрэча Андрэя з блізкімі – самая кранальная частка балючай гісторыі

Далёка не ўсе сёння адчулі, што справядлівасць перамагла. Цяжка параненага міліцыянтам у навагоднюю ноч менчука суд Маскоўскага раёну сталіцы прызнаў вінаватым у непадпарадкаванні праваахоўніку і ў гвалце супраць яго. У сваю чаргу міліцыянта палічылі пацярпелым.

«Адбылося тое, што адбываецца ў нас заўсёды, – паверылі міліцыянту. У гэтым канфлікце было толькі два ўдзельнікі, іншых сведкаў не было», – падкрэсліў журналіст «Белгазеты» Віктар Федаровіч.

Паказанні міліцыянта Руслана Салаўёва выклікалі сумневы

Працаўнік МУС блытаўся адносна колькасці стрэлаў. Падчас суда ён прызнаў, што ўжыў зброю без папераджальнага стрэлу, хоць на следстве казаў зусім іншае. Па-другое, міліцыянт увесь час трымаўся версіі самаабароны. Але да яе істотна падарваў давер той факт, што падчас спрэчкі Андрэй Гаўрош атрымаў раненне ў спіну.

«Ягоныя паказанні супярэчаць балістычнай экспертызе, якая кажа пра тое, што распалажэнне ўваходных уваходных адтулін, выразна не супадае з тымі паказаннямі. Гэта сведчыць пра тое, што ён адкрыта хлусіў», – звяртае ўвагу праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Ці былі падставы ўжыць зброю?

Як стала вядома, Салаўёў прыбыў на вуліцу Любімава без напарніка і экіпіроўкі. Газавага балончыка ці дручка, якія ён мог бы выкарыстаць замест пісталета, пад рукой не аказалася. Усё гэта засталося за кадрам следства, абвінавачання і выраку. Чаму?

«Пайшла бы хваля пакаранняў. У міліцыі гэта сурʼёзна. Былі б пакараныя начальнікі. Там адбыліся б сурʼёзныя разборкі. Хутчэй за ўсё, каб пазбегнуць гэтага, быў прызначаны вінаваты», – упэўнены спадар Федаровіч.

Адвакату не ўдалося абараніць Гаўроша

Паводле абароны, міліцыянт, што прыбыў у кватэру Гаўроша на выклік суседзяў, якія скардзіліся на шум, – першы ўжыў сілу. Паводле Андрэя Бандарэнкі, абарона недастаткова канцэнтравалася на пытаннях вакол непадпарадкавання міліцянту.

Ці мог судовы працэс закончыцца на карысць Андрэя Гаўроша? Пасля інцыдэнту голас у справе ўзяў кіраўнік краіны.

«Урэшце, не застрэліў. Гэта сігнал грамадству, што валтузні з падонкамі не будзе», – выказаўся Лукашэнка.

Словы беларускага кіраўніка ўзгадалі бацька асуджанага

«Я не магу забыць словаў, што мой сын і дзебашыр і падонак. Тое, што сказалі пра майго сына, гэта значыць сказалі пра мяне і пра майго бацьку. Мне не прыемна чуць такія знявагі», – зазначыў Алег Гаўрош.

Андрэя чакаюць пяць гадоў «хатняй хіміі». Гэта значыць, што цяпер ягонае асабістае жыццё будзе пад пільным вокам міліцыі.

Ян Бабіцкі, «Белсат»