Аб'ектыў 08.02.2018 Суд: Каляды і каноплі не сумяшчальныя


Чатырох актывістаў ініцыятывы «Legalize Belarus» пакаралі штрафамі на 30 і 10 базавых велічыняў. З назвы ініцыятывы магло б падацца, што дайшло да лібералізацыі заканадаўства ў сферы абарачэння наркотыкаў – урэшце пра такую магчымасць сёння выказаўся нават старшыня Вярхоўнага Суда, але насамрэч актывістаў пакаралі за… калядаванне.

Жартаўлівы шпацыр па вуліцам пераднавагодняй сталіцы актывісты ініцыятывы «Legalize Belarus» назвалі «канапляным калядаваннем». Але праваахоўнікі гуллівы настрой не падзялілі і склалі на актывістаў пратаколы па артыкулу «парушэнне парадку арганізацыі масавай імпрэзы. І пакараў Станіслава Шашка, Юлію Швабовіч і Міхася Варанцова штрафам у дзесяць базавых велічыняў кожнага. Пётр Маркелаў атрымаў у тры разы большае пакаранне. Хутчэй за ўсё, увагу айчыннай Фэміды прыцягнуў ня столькі факт калядавання, колькі ягоны канапляны настрой.

«Па-сутнасці мы проста пелі калядныя беларускія песні. Тое, што адбылося сёння – фактычна суд Цэнтральнага раёну горада Менску забараніў беларускую Каляду», – кажа Станіслаў Шашок з юрыдычнай службы «Legalize Belarus».

«Мы, Legalize Belarus, любім каноплі. Мы пайшлі з каноплямі. Ня проста з каноплямі, мы іх упрыгожылі па-святочнаму. Нічога не крычалі. Спявалі калядную песню… І нават з ведамі ўсяго пра нас – гэта ўсё ж такі не была акцыя», – кажа актывіст ініцыятывы Міхась Варанцоў.

Агулам ініцыятыва выступае за пашырэнне інфармацыі пра псіхаактыўныя рэчывы, адмену пакарання за іхнае захоўванне ў малых колькасцях і паляпшэнне айчыннага законадаўства ў гэтым пытанні па прыкладу шэрагу амерыканскіх штатаў, Канады, Чэхіі, Галандыі і іншых краінаў з »легалайзам«. Тут праваабаронцы сапраўды бачаць пэўную праблему.

«Для захоўвання ў прынцыпе няма розніцы – якое канкрэтна рэчыва чалавек захоўвае, пераносіць і перавозіць. Магчыма ў гэтай сітуацыі можна было б штосьці прадугледзець», – кажа юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Так за захоўванне той жа марыхуаны і да прыкладу гераіну можна атрымаць такі ж тэрмін. Справа натуральна спрэчная – узгадаем суд двухгадовай даўніны над акторам Купалаўскага тэатру Арцёмам Бародзічам. За захоўванне 26 грамаў марыхуаны ён атрымаў пяць гадоў калоніі.

Айчыннае Міністэрства ўнутраных справаў летась адхіліла петыцыю, якую падпісалі амаль 5000 грамадзянаў за дэкрыміналізацыю вырошчвання і ўжывання марыхуаны. Праваахоўнікі неаднаразова заяўлялі, што нават падзяляць наркотыкі на лёгкія і цяжкія не збіраюцца.

«У мяне былі падабаронныя, якіх я некалькі разоў абараняў, калі быў адвакатам, мінаў год-два, яны вярталіся. Пачыналі яны з тых жа «шышак», а пераходзілі на цяжкія наркотыкі. Я ня ўпэўнены, што гэта непазбежны шлях, ну, але так было», – кажа Павел Сапелка.

Што апынулася сапраўды непазбежным, дык гэта нервовая рэакцыя праваахоўнікаў на беларускамоўныя калядкі ў спалучэнні з сімваламі канопляў.

Усевалад Шлыкаў

Глядзі таксама
Каментары