Аб'ектыў 04.04.2018 Збіццё на выбарчым участку? Суд не бачыць парушэння закону


Публічныя абвінавачанні праз дзяржаўныя медыі ў стварэнні лагераў баевікоў і падрыхтоўцы правакацыяў падчас масавых акцыяў пратэсту. «Знойдзены цэлы арсенал зброі, запалы, шашкі, гранаты і іншае», – даводзілі на дзяржаўным тэлебачанні.

І гэта не кажучы пра чатыры месяцы арышту, пасля чаго справа проста развалілася. Чацьвёра фігурантаў справы Белага легіёну патрабавалі кампенсацыі ад дзяржавы па Br 1000 тыс.

Суддзя Вольга Гусакова прычынаў да выплаты кампенсацыі не пабачыла

«Было бачна па яе паводзінах, што хвалявалася, што для яе гэтае рашэнне цяжкае, хутчэй за ўсё рашэнне прымалася па загадзе», – мяркуе фігурант справы «Белага легіёну» Сяргей Стрыбульскі.

Суддзя наагул адмовілася далучаць да справы гэтак званыя фільмы-даследаванні і рэпартажы дзяржаўных СМІ, а дзеянні праваахоўнікаў і арышт назвала законнымі.

Законным суд палічыў і збіццё белсатаўца Андруся Козела

«Варта абскарджваць гэтую пастанову, таму што яна абсалютна бязглуздая, да яе была вельмі вялікая цікаўнасць прэсы і міжнароднай супольнасці. Калі не атрымаецца нічога абскардзіць ужо ў Вярхоўным судзе, буду шукаць выйсця на нейкія міжнародныя інстанцыі», – падзяліўся планамі Андрусь.

Тады Андруся не толькі збілі, але яшчэ і пакаралі штрафам у 735 рублёў. У гэты ж час у Віцебску суддзя Святлана Іванова прызнала законным лютаўскі штраф для іншых нашых калегаў. У апытанні некалькіх жыхароў Воршы, за якія і аштрафавалі журналістаў, яна таксама пабачыла выраб прадукцыі СМІ.

«Суддзя спасылалася на нейкі артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які супярэчыць артыкулу 34, але не змагла сказаць, што гэта за артыкул. Мы будзем прасіць зрабіць нам матываваную частку, каб зразумець – што гэта за артыкул, які перакрывае іншы артыкул у канстытуцыі», – зазначыў журналіст Віталь Скрыль.

Замест содняў – штрафы. Але колькі тых штрафаў!

Толькі летась журналісты, што супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам атрымалі штрафаў больш, як на € 25 тыс. Прыкладна на такую ж суму праваахоўнікі канфіскавалі прафесійнай тэхнікі ў нашых калегаў. Тым часам сёння беларуская Фэміда ня толькі адбівалася ад касацыйных скаргаў, але і судзіла. Да прыкладу траіх удзельнікаў пазаўчарашняга пікету на Плошчы Незалежнасці за дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў.

«Гэта смешна, калі публічны зварот да гэтак званага парламенту, выклікае такую празмерную рэакцыю. А самае галоўнае, што гэты зварот грунтуецца на вельмі грунтоўнае праблеме, што тысячы беларусаў знаходзяцца ў турмах за парушэнні, якія калі і былі, то пакаранне за іх вельмі-вельмі не сувымерныя», – тлумачыць палітолаг Алесь Лагвінец.

Актывісты Пётр Маркелаў і Вечаслаў Касінераў пакараныя за ўдзел у пікеце 612 рублямі штрафу кожны. Яшчэ аднаго актывіста Алесь Таўстыку пакаралі сумай на 150 рублёў меншай. Таксама сёння за збор подпісаў у падтрыманне беларускае мовы яшчэ ў лютым судзілі блогера Эдуарда Пальчыса. На суд ён не прыйшоў, але гэта не перашкодзіла пакараць блогера штрафам у 735 рублёў.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары