Аб'ектыў 14.09.2018 Прызнанне чыноўніцы: Нічога не раблю, прыгнятае маральна


Праца мары: сядзі за сталом дні напралёт і нічога не рабі, а за гэта – 270 рублёў. Але гэта прыгнятае, прызнаецца гераіня нашумелай слуцкай гісторыі. Спадарыня Ларыса – ну проста сумленне нацыі. Пры рэкордна нізкім для рэгіёна афіцыйным беспрацоўі – і сапраўды вялікая верагоднасць таго, што хтосьці займае пасаду, але пры гэтым нічога не робіць. Ці стварае выгляд працы.

Жыхары Менску разважаюць:

«Чыноўнікі робяць гэта вельмі часта».

«Не нясуць ніякай адказнасці, а тым не менш атрымліваюць добрыя заробкі».

«Канечне гэта адбываецца на нейкіх вялікіх прадпрыемствах і карпарацыях. У тым ліку дзяржаўных, калі чалавек разумее, што нічога змяніць не можа, а проста будзе прыходзіць і атрымліваюць сваю зарплату».

Тое, што чыноўнікаў зашмат, і яны дублююць адзін аднаго, прызнаў і новы прэм’ер Сяргей Румас. І гэта па выніках ужо ранейшых скарачэнняў, якімі хваліўся кіраўнік краіны. А таму не дзіўна, што часта грамадства і не заўважае «страты байца» у чынавенскай вертыкалі. Гэтак, як сёлета цягам 4-ох месяцаў краіна жыла без міністра энергетыкі – і калапсу не здарылася: улетку спраўна адключалі гарачую ваду. Зміцер Маркушэўскі, школа менеджараў публічнай адміністрацыі SYMPA:

«Першае, хто прыходзіць у галаву, гэта пасада намесніка па ідэалогіі. У нашай краіне няма ідэалогіі адной, якая ішла ад чалавека ці партыі. Адпаведна, навошта такая пасада?»

Якая зʼявілася на свет усяго 14 гадоў таму. Паводле ўказу прэзідэнта краіны кожная арганізацыя з колькасцю ад 150-ці чалавек мусіць мець штатную адзінку ідэолага. Сярод асноўных абавязкаў – вывучэнне палітычнай атмасферы ў калектыве ды перадухіленне ўдзелу работнікаў у забастоўках і мітынгах. Такой спецыяльнасці вы не знойдзеце ў ніводным універсітэце Беларусі ці суседзяў. Але іх больш за 10 тысячаў па краіне, і заробак у іх прынамсі не меншы за 270 нашай слуцкай гераіні. Жыхары Менску:

«Я сама з работніка па найме перайшла ў ІП, і разумею, што ад маіх дзеянняў будзе вынік, і я гэта сама вырашаю».

«У нас не хапае самавыражэння людзям. І яны ўсе сядзяць пад адною сілай. Я за тое, каб тую сілу прыбраць, і ўсе пачнуць прыносіць карысць».

Іншая рэч, калі прафесія губляе актуальнасць праз тэхналагічны прагрэс. Ужо цяпер Нацыянальны банк Беларусі мае тэставую версію завярэння папераў, заснаваную на моднай тэхналогіі блокчэйн, што можа пазбавіць сэнсу працу натарыусаў. Кампʼютар з адпаведнаю праграмай і базаю таксама неўзабаве можа замяніць цэлыя раённыя аддзелы сацыяльнага забеспячэння. Каб была воля кіраўніцтва краіны, гэта б ужо здарылася, але пакуль тыя ж сацыяльныя работнікі маюць складаць базы… для дармаедскага дэкрэту. Зміцер Маркушэўскі, школа менеджараў публічнай адміністрацыі SYMPA:

«Гэта датычыць не тых, хто дапамагае канкрэтным людзям, а тых, хто налічвае пенсіі. Будзе аўтаматызавана».

Іронія лёсу: летась менавіта тыя, хто, паводле ўладаў, нічога не робяць, і былі за крок ад рэвалюцыі ў Сінявокай, калі выйшлі з плакатамі на плошчы сваіх гарадоў. Хто і якую працу меўся з імі праводзіць, каб не дапусціць пратэстаў? Правільны адказ – тыя, каго ў краіне больш за 10 тысячаў.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Відэа: president.gov.by

Глядзі таксама
Каментары