Аб'ектыў 10.05.2018 «Страляйце ў нас тады». Пад Менскам сілавікі знішчылі лес дзеля сваіх катэджаў


Традыцыйна на травеньскія святы можна пабачыць стыхійныя рынкі з саджанцамі ды расадаю ўздоўж дарог. Дачнікі сем’ямі спяшаюцца на свае надзелы. Але не ўсе ўладальнікі лецішчаў пад Менскам могуць цяпер з радасцю распачаць новы сезон.

На гэтым месцы яшчэ чатыры гады таму быў лес. Цяпер тут пустка. Менскія сілавікі ды чыноўнікі вырашылі пабудаваць тут свае катэджы.

Больш за 30 гадоў таму ў сталічным прыгарадзе, што ў кірунку Смалявічаў, гараджане з розных установаў атрымалі зямельныя надзелы пад будаўніцтва садовых дамкоў. Паміж лецішчамі ды горадам быў лес.

«Яны неактыўна будуюцца. У асноўным уздымаюць пыл, перамяшчаюць грунт. Паводле нашых даследаванняў, тут рэчкі Волма. Калі знікне цалкам лес, то вада сыдзе і нам давядзецца паглыбляць нашыя 70-ціметровыя свідравіны метраў на 20», – распавядае старшыня праўлення таварыства «Ураджай-2002» Мікалай Люцко.

Таварыства «Ветэран», дзе лецішчы былых працаўнікоў тэлебачання, засталося без дарогі. Новыя суседзі, паводле дачнікаў, з пракуратуры і службы аховы прэзідэнта, пакуль робяць камунікацыі. З пенсіянерамі яны вырашылі не цырымоніцца.

«Новыя суседзі гэта ўвесь час мат. Загадалі нам не выходзіць за калітку. Кажуць, што гэта іхная тэрыторыя. Муж мой ім кажа: «Ну дык што ж рабіць? Страляйце ў нас тады», – кажа пенсіянерка Ала Селязнёва.

Чатыры гады цягнецца ліставанне з чыноўнікамі. Пакуль ідуць адныя адпіскі. Тым часам праз звальванне грунту ў самым нізкім месцы пасля дажджу назапашваецца вада і такім чынам затапляюцца некалькі надзелаў. На рагу таварыстваў «Лясной» і «Ураджай» звалка каранёў дрэваў, у якой пасяліліся змеі.

«Заўсёды знаходзяцца нейкія ідыёты, якія ні пра што не думаюць, нікуды не глядзяць. Яны ж хадзілі тут яшчэ пяць гадоў таму. Нешта мералі. Ну падышлі б і спыталі: «Як тут вада? Куды цячэ? Куды вецер дзьме? Вось яны тут лес знішчылі і цяпер паўночна-ўсходні вецер увесь час. Расці ж нічога не будзе», – адзначае пенсіянер Віктар Селязнёў.

Больш за трыццаць гадоў людзі ўпарадкавалі тэрыторыю. Вакол «Валны» толькі адзін дачнік пасадзіў сто дубоў. Іншыя садзілі бярозы ды рабіны. Цяпер жа на тым месцы час ад часу вецер уздымае пыл.

«Тут ліпкі ў нас, будкі пасаджаныя. А яны:«Не!!! Высякайце! Нам не патрэбныя лісце і карані. Вішанька там у мяне сядзіць, а яны: «Гэта ўжо не тваё!». А я кажу, што маё. Карацей, трэба іх пакараць за тое, што яны тут усё знішчылі», – мяркуе Любоў Барысевіч.

Дачнікі зазначаюць, што гэтую тэрыторыю за подпісам старшыні Менскага аблвыканкаму выдалі 30 снежня, а пастанова ўступіла ў законную моц літаральна праз два дні. Але ніхто не верыць у выпадковасць.

«Гэта кіроўныя органы, пасады… А мы хто? Мы простыя людзі. А простых людзей не надта паважаюць у нашай краіне. Паставілі шлагбаумы, відэакамеры, замкі павесілі. Пажарныя не могуць прыехаць, смецця не вывозяць. Нават на суд на нас падалі, што мы дамоваў не перазаключылі. Газу мы не можам замовіць», – распавядае былая выкладчыца Сувораўскай вучэльні Тамара Кляўчэня.

Дачнікі лічаць, што ўжо бессэнсоўна дабівацца забароны будаўніцтва і аднаўлення лесу. Яны спадзяюцца, што ім хоць бы вернуць дарогу і не будуць чыніць перашкодаў для спакойнага адпачынку.

Любоў Лунёва, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары