Аб'ектыў 27.03.2018 Стаў вядомы лёс акумулятарнага заводу ў Берасці


Не дапамаглі ні пратэсты, ні суд. Берасцейцы не змаглі спыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу з дапамогаю літары закону. Маскоўскі суд Берасця не задаволіў пазову грамадзянаў, якія змагаюцца супраць шкадлівай вытворчасці, якая ўжо неўзабаве паўстане ў ваколіцах абласнога цэнтру. Абураныя грамадзяне, аднак, не складаюць рукі ды анансуюць новыя пазовы.

Вердыкт чаканы, але ўсцяж несправядлівы. З такім настроем прадстаўнікі ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу пакінулі залу суда.

Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы кажуць, што абскарджанне адназначна будзе – магчыма, яшчэ некалькі позваў.

«У нас заўсёды выносяцца такія рашэнні… Калі шчыра, ужо было вырашана. Сёння суддзя проста абвесціў вердыкт, як кажуць», – кажуць актывісты.

Пазоўнікі даводзілі ў судзе, што завод кампаніі «АйПаўэр» пад Берасцем, які будуе кітайскі падрадчык, зашкодзіць экалогіі. Апроч таго, берасцейцы сцвярджаюць, што грамадскія слуханні вакол будаўніцтва адбыліся з парушэннямі. У сувязі з гэтым яны прасілі спыніць узвядзенне заводу да правядзення паўторных слуханняў.

Актывіст кампаніі супраць будаўніцтва Фёдар цікавіцца, чаму пракурор не прымаў удзелу ў гэтым працэсе, хаця пад зваротам супраць пабудовы заводу падпісалася шырокая грамадскасць – 37 тысячаў чалавек.

«Парушаныя правы грамадзянаў, парушаецца канстытуцыйнае права нашае браць удзел у абмеркаванні», – сцвярджае Фёдар.

Паводле юрыста пазоўнікаў, гэты суд дазволіў атрымаць матэрыялы для чарговых пазоваў, каб аспрэчыць высновы афіцыйнай экалагічнай экспертызы. Яна сцвярджае, што завод будзе мець мінімальнае ўздзеянне на навакольны асяродак.

«Магчыма, я кагосьці здзіўлю, але я скажу, што задаволены паводле шэрагу прычынаў. Па-першае, таму што дзяржаўныя органы, у прыватнасці райвыканкам, яны на судовым паседжанні фактычна прызналі, што працэдура правядзенне грамадскага абмеркавання адбылася з парушэннем дзейснага заканадаўства», – кажа юрыст грамадскага аб’яднання «Экадом» Сяргей Магонаў.

Будаўніцтва распачалося летась у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце». Жыхары гораду і сумежных вёсак мяркуюць, што тэхналогія заводу не адпавядае сучасным нормам і негатыўна адаб’ецца на іхным здароўі. У лютым ініцыятыўная група скіравала ў Адміністрацыю прэзідэнта каля 37-ці тысячаў подпісаў супраць будовы.

«Не проста там шалёныя эколагі змагаюцца з нейкім заводам, а што сапраўды грамадскасць, мясцовыя жыхары, мясцовыя актывісты. Яны ўцягнутыя, яны вывучаюць тэму. Яны глыбока гэтае пытанне даследавалі», – дадае Магонаў.

Берасцейцы гатовыя даводзіць сваю рацыю не толькі ў судзе, але і на вуліцах. Цягам усяго сакавіка ў цэнтры гораду адбываюцца маўклівыя пратэсты. Людзі прыходзяць на плошчу Леніна без транспарантаў ды кормяць галубоў.

Пытанне берасцейскага заводу хвалюе нават нашых заходніх суседзяў. У сувязі з будаўніцтвам патэнцыйна шкадлівай вытворчасці Польшча скіравала афіцыйны запыт уладам Беларусі.

Вольга Жарнасек

Глядзі таксама
Каментары