Статкевіча пасадзілі, Някляева выпусцілі. Што адбываецца?


Чарговыя сем содняў арышту мінулі. Сёння на свабоду выйшаў адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу паэт Уладзімір Някляеў, адбыўшы пакаранне за ўдзел у «Акцыі папярэджання» 8-га верасня. 71-гадовага палітыка затрымалі 15-га верасня, па дарозе ў клініку, і прызначылі яму арышт у судзе Савецкага раёну сталіцы.

Стаўленне да сябе ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў Уладзімір Някляеў назваў псіхалагічным катаваннем: паэту не дазволілі карыстацца алоўкам не толькі каб пісаць вершы, але і каб напісаць скаргу на ўмовы ўтрымання.

«Я напішу, усё гэта апішу ў скарзе, бо з майго гледзішча проста недапушчальна адкрыта здзекавацца не толькі нада мной, а над маёй прафесіяй, над культурай, чалавечымі адносінамі», – зазначыў палітык.

Някляў перанёс увесну два гіпертанічныя крызы

Адзін з іх адбыўся падчас 5-дзённага арышту за ўдзел у Маршы абураных беларусаў, другі – напрыканцы сакавіка, калі палітыка знялі з цягніка ў Берасці ды адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання напярэдадні Дня Волі.

«На маё перакананне, апошнімі арыштамі, ды і арыштамі пачынаючы ад 2010-га года, чакаюць што выцягнуць мяне сюды ўперад нагамі ў белых тапках», – заявіў Някляеў.

Палітык узяў удзел у мітынгу з нагоды Дня вайсковай славы

Удзельнікі акцыі 8-га верасня выказалі пратэст супраць уцягвання Беларусі ў канфлікт Расеі з NATO праз супольныя вайсковыя вучэнні «Захад-2017». Арганізаваў інфармацыйную кампанію Беларускі нацыянальны кангрэс. Арганізатары лічаць, што між іншага дзякуючы гэтай кампаніі расейскія войскі не засталіся пасля вучэнняў у Беларусі. На 21-га кастрычніка запланаваная наступная акцыя – «Марш абураных беларусаў 2.0» – супраць гэтак званага дэкрэту пра дармаедаў.

Улады баяцца

Пасля паседжання рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу, дзе пацвердзілі рашэнне правесці марш, міліцыянты затрымалі Міколу Статкевіча. Палітык мае яшчэ неадбытыя 15 содняў пакарання за акцыю 3-га ліпеня, і чакае суда за 8-га верасня.

«Для мяне скарыцца з тым што тут адбываецца – гэта пагадзіцца з тым што я раб. Я з гэтым ніколі не пагаджуся», – сказаў Статкевіч раніцай, яшчэ да затрымання.

На свабодзе палітык прабыў тры тыдні.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»