Стала вядома пра яшчэ адну смерць салдата ў Печах


Больш за 10 гадоў свайго сына сужэнства Шамрыных наведваюць на могілках. Сын Аляксандр пайшоў служыць, аднак дэмбелю не дачакаўся. У чэрвені 2006-га з вайсковай часткі ў Печах да бацькоў у Крычаў прыйшла труна з целам сына.

Прыняць страту Людміла і Аляксандр не могуць дагэтуль

Паводле афіцыйнай версіі, маладзён бяліў столь ды фарбаваў сцены ў адным з карпусоў вайсковай часткі. Па неасцярожнасці ўпаў з вышыні больш, як два з паловаю метры, 11 дзён знаходзіўся ў коме, а пасля памёр. Тым часам экспертыза паказала, што характар траўмаў – шматлікія пераломы рабрынаў, чэрапу, сківіцы ды сатрасенне мазгоў – не дазваляюць адназначна казаць, што яны былі атрыманыя ў выніку аднаго падзення.

«Сына прывезлі ў Цэнтральны вайсковы шпіталь у Менску, там зрабілі тамаграфію, дактары здзівіліся, запытвалі: што, па яму танк праехаўся?», – узгадвае бацька загінулага Аляксандр Шамрын.

Іншыя версіі следства не правярала

Міністэрства абароны па-ранейшаму хавае выпадкі дзедаўшчыны ў беларускім войску. Пасля ж таго, як першы крок у расследаванні прычыны нядаўняй гібелі салдата ў Печах Аляксандра Коржыча быў зроблены, надаць галоснасць падобным справам пажадалі і іншыя сваякі загінулых.

Толькі на той жа Крычаўшчыне акрамя Аляксандра Шамрына смерць у войску напаткала яшчэ двух салдат.

Новыя гісторыі трагедыяў у войску з’яўляюцца і «Кнізе памяці», створанай грамадзянскай кампаніяй «Цэнтр правоў прызыўніка»

Юлія Лабанава, Кастусь Жукоўскі, «Белсат», фота: vk.com/pechi_borisov