Спёка, залевы, град і вецер. У Беларусі абвесцілі памаранчавы ўзровень небяспекі


Зноў спёка: пасля халоднага лета ў Беларусь прыйшоў сапраўдны сквар, паводле сіноптыкаў, на гэтым тыдні чакаецца да 36 градусаў са знакам «плюс», а Міністэрства надзвычайных сітуацыяў абвесціла памаранчавы ўзровень небяспекі на найбліжэйшыя суткі.

Пакуль адныя радуюцца такой нетыповай для нашага рэгіёну спёцы ды выязджаюць на пляжы і ў лес, для іншых гэта можа стацца выпрабаваннем: дадатковую ўвагу на здароўе ў гэтыя дні дактары раяць звярнуць поўным людзям і тым, хто мае хваробы сэрца. Таксама павышэнне тэмпературы кепска пераносяць дзеці да пяці гадоў і людзі сталага ўзросту. Адмыслоўцы раяць у спякоту пры магчымасці выехаць за горад, а перабываючы ў горадзе, не карыстацца аўтамабілямі.

«Канечне пабольш ужываць пітва, не насіць адзенне з сінтэтычнай тканіны, насіць свабоднае адзенне пажадана з лёну», – раіць Уладзімір Пруднікаў, лекар гарадскога шпіталю Горадні.

Асабліва пільнымі трэба быць заўтра і ў сераду 2 жніўня: у гэтыя дні ў краіне чакаецца да 36 градусаў цеплыні, а таксама навальніцы ды град з парывамі ветру да 20 метраў на секунду. Паводле сіноптыкаў, панізіцца тэмпература толькі ў чацвер і толькі на Захадзе Беларусі – бо ў Гомлі ды Магілёве слупок тэрмометра будзе трымацца на адзнацы 27 градусаў да канца тыдня.

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: Artyom Geodakyan / TASS / Forum