Спёка пакіне беларусаў без ежы


Працяглая спёка – прыемнасць для адпачынку. Але праблема для сельскае гаспадаркі. Белгідрамет інфармуе пра сухасць глебы і пагрозу для сёлетняга ўраджаю. Ад заўтра маюць пайсці дажджы, але ці яны ўратуюць ад таго, што ўжо страчана?

Сонца садзіцца – усе і ўсё адпачывае ад спякоты дня. А для сельскае гаспадаркі стаіць пытанне, быць ці не быць ураджаю.

«На пасевах зерневых каласавых культураў назіраецца пажаўценне, скручванне і засыханне лістоў, пажаўценне каласаносных лускаў. У зерневых культураў, траваў, лёну, што апынуліся пад найбольшым уплывам засухі, засыхаюць сцябліны», – паведамляе Белгідрамет.

Найгоршая сітуацыя на Гомельшчыне. Аднак спёка дабіраецца і ў іншыя рэгіёны, пра што добра ведаюць усе, хто працуе на зямлі.

«У мяне азімая пшаніца. Зямля дрэнная, на пяску – ужо згарэла. То бок ураджаю такога, як летась, не будзе».

«Дзе палі, дзе пяскі, на горах гэта праблема, а ў нас вось пакуль расце»

«Усё сохне, трускаўкі пагарэлі, цыбуля сохне, часнык таксама. Пальеш, трэба паліваць – яно насычаецца на сантыметры два, больш не».

«Цяпер самы асноўны час, калі наліваецца колас, а ён амаль не можа наліцца. Такая сітуацыя. Так што хлеб будзе вельмі дарагі. Нам трэба да гэтага рыхтавацца», – кажуць гандляры.

Дажджы, паводле прагнозаў, павінныя пайсці, але глеба моцна высахла і патрабуе шмат вільгаці. Да таго ж, ці гвалтоўныя навальніцы не наробяць новых стратаў? Праблема не новая, але на дзяржаўным узроўні не шукаюць развязання праз вывядзенне прыстасаваных кліматычна гатункаў. Таму надвор’е – дадатковая праблема для і без таго праблемнае сельскае гаспадаркі. Тады як тое, што ўдаецца атрымаць з зямлі, шмат для каго сёння адзіная магчымасць пракарміцца.

«Спёка гэтая на цяперашні момант вельмі недарэчная, яна вельмі трывожыць аграрыяў. Ці трывожыць нашую ўладу зверху, ну, пакуль нічога не чуваць», – кажа шэф-рэдактар agrolive.by Іна Гармель.

На дзяржаўным жа ўзроўні сельская гаспадарка перадусім – палітычны праект, пра што казаў кіраўнік краіны яшчэ 20 гадоў таму.

«Гэта цэнтральная дзяржаўная, калі хочаце, палітычная структура ў вёсцы. Калі не будзе калгасу ці саўгасу, дзяржава не здолее эфектыўна праводзіць сваю палітыку ў вёсцы».

І дзяржава гне сваю палітыку.

Афіцыйна летась у сельскай гаспадарцы краіны працавалі 258 тысячаў чалавек, больш за сорак адную тысячу трактароў, амаль дзесяць тысячаў камбайнаў; налічвалася больш за чатыры мільёны буйной рагатай жывёлы, сорак чатыры мільёны птушкі, блізу трох мільёнаў свіней.

Ізноў жа афіцыйна прадалі прадукцыі на амаль два мільярды долараў. Пры гэтым эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што летась чыстыя прыбыткі сельскай гаспадаркі склалі 384 мільёны долараў, а кампенсацыя пазыкаў дзяржаваю ў галіне перавысіла прыбыткі амаль удвая.

«Калі 65 % даданае вартасці – гэта дапамога дзяржавы, гэта абсалютна ненармальная сітуацыя. У дзесяць раз больш дзяржава ў Беларусі дапамагае саўгасу свайму, чым, напрыклад, у Еўразвязе», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

Да эканамічна-арганізацыйных праблемаў сёлета дадаюцца яшчэ і звязаныя з надворʼем. Таму танней для нас, спажыўцоў, ізноў не будзе.

Сяргей Падсасонны belsat.eu