Справаздача «Белсату» з канцэрту «Салідарныя з Беларуссю 2017»


Вярнуліся пасля гадавога перапынку: канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» святкуе свой дзясяты юбілей у варшаўскім клубе «Stodoła». На сцэне – беларусы «TonqiXod» і «The Glitchhh», украінскі паэт Сяргей Жадан, а перад сцэнаю – дзясяткі ахвочых да добрай еўрапейскай музыкі.

Цягам апошніх гадоў канцэрты «Салідарныя з Беларуссю» прымяркоўваліся да актуальных падзеяў, як то ўгодкі стварэння БНР або іншыя святы.

Сёлета пастанавілі не прывязваць канцэрту да канкрэтных датаў

«Але гэта не значыць, што мы перасталі быць салідарнымі. Салідарнасць ёсць, пакуль людзі будуць цярпець у Беларусі, пакуль будуць асобы, якія катуюцца або дастаюць праз наш урад, гэта салідарнасць мусіць быць галоснай», – цвердзіць суарганізатарка Аляксандра Шапялевіч.

Першы канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» адбыўся ў сакавіку 2006-га года за два тыдні да прэзідэнцкіх выбараў. Тады ў Беларусі адчуваўся спадзеў на перамены, адчуваўся ён і на тым канцэрце ў Варшаве.

Арганізатары канцэрту – «Вольная Беларусь», не апускаюць рук

Аб’яднанне выступае за свабоду слова, прамоцыю культуры ды абарону правоў чалавека.

За 10 гадоў ініцыятыва «Салідарныя з Беларуссю» ад канцэрту вырасла ў сапраўдны фестываль – апроч музыкі Варшаву чакае шэраг іншых культурніцкіх імпрэзаў.

Гэтак, у Варшаве ўжо адбыліся два кінапрагляды, у тым ліку дакументальных фільмаў, зробленых пры дапамозе і для «Белсату», а бліжэйшымі выходнымі польскую сталіцу чакае трэнаванне па муай-тай і майстар-клас з народных спеваў.

Настасся Храловіч, «Белсат»