Аб'ектыў 10.01.2018 Справа патрыётаў. Фігурантаў дабіваюць па-асобку?


Тэму пераследу працягнем. Скандальную справу «Белага легіёну» афіцыйна прыпынілі, але ціск на яе фігурантаў не спыняецца. Заўтра суд Ленінскага раёну Менску распачне разгляд крымінальнай справы супраць Андрэя Бяляўскага.

Ці гэта працяг гэтак званай «справы патрыётаў»?

Падставаю для крымінальнай справы стаўся патрон. Яго знайшлі ў кватэры Бяляўскага падчас вобшуку ў межах справы «Белага легіёну».

«Знайшоў калісьці, вырашыў пакінуць у якасці сувеніра. Закінуў у стол і забыў пра яго», – тлумачыць Андрэй.

Сувенір можа каштаваць Бяляўскаму да 7-мі гадоў пазбаўлення волі

Крымінальную справу супраць яго распачалі паводле другой часткі артыкулу № 295 – незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.

У падобных справах пастанова суда залежыць ад узроўню грамадскай небяспекі, які несла незаконная зброя.

«Калі мы гаворым пра захоўванне аднаго патрона, нягледзячы на тое, што гэта ўтварае склад злачынства, яно не ўяўляе грамадскай небяспекі. І ў прынцыпе, Следчы камітэт мог гэту справу спыніць яшчэ да суда. Але, напэўна, яны вырашылі, што няхай суд вырашае і ставіць канчатковую кропку», – мяркуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

І калі гэтая кропка будзе суворая, гаворка будзе ісці пра палітычна матываваны пераслед, кажа праваабаронца.

Падобную справу ў лістападзе разглядаў суд Гомля

На лаве падсудных апынуўся грамадзянін Францыі Жалян Віё, якога ў верасні затрымалі на беларускай мяжы з адным пісталетным патронам. Француз правёў 2 месяцы ў СІЗА, але ў выніку суд яго апраўдаў.

Але ці будзе беларускі суд гэтак жа сама справядлівы ў справе Андрэя Бяляўскага?

Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, крымінальную справу паводле таго ж артыкулу завялі супраць яшчэ аднаго фігуранта справы «Белага легіёну». Аднак падрабязнасці пакуль невядомыя.

Зміцер Міцкевіч, Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары