Аб'ектыў 17.11.2017 «Справа Молнара»: апошні суд апошняй банды Беларусі


Ад пяці да 18-ці гадоў пазбаўлення волі за стварэнне злачыннай групоўкі, вымагальніцтва, разбой і махінацыі з нерухомасцю. Вярхоўны Суд пераглядаў сёння справу «банды Молнара» – бабруйскай злачыннай групоўкі з метадамі працы, як у 90-тыя гады.

Рашэнне папярэдняй інстанцыі было пакінутае без зменаў.

«Гаворка ідзе не проста пра нейкую арганізацыю, а пра людзей, а дакладней, частку іх, што прафесійна займаліся злачыннымі справамі», – тлумачыць журналіст «Белгазеты» Віктар Федаровіч.

Бацькі некаторых фігурантаў справы спадзяваліся на Вярхоўны Суд. А медыям разабрацца ў справе вельмі цяжка. І першае паседжанне ў Магілёве, і сённяшняе разбіральніцтва ў Менску праходзілі ў закрытым рэжыме. Да прыкладу, родныя кажуць пра 63 пацярпелыя ў справе і каштоўныя камяні за некалькі долараў, следчыя органы пра 500 пацярпелых, золата, алмазы і сапфіры.

Прэтэнзіі бацькоў

«Яго вінавацілі, што ён падрабіў подпіс у дакуменце. Экспертыза давяла, што ён ніколі нічога не падрабляў, а падрабляў іншы фігурант справы, які ў гэтым і прызнаўся», – скардзіцца Ганна Ліннік, маці асуджанага.

Іншыя бацькі распавядаюць, што іхны сын быў адным з лепшых вучняў у горадзе, а на момант затрымання не меў нават 18-ці гадоў. Канчатковым рашэннем Вярхоўнага Суда сваякі былі абураныя і доўга не разыходзіліся з залы пасяджэнняў. Але варта нагадаць, што за асобы праходзілі ў гэтае справе – напрыклад, сам Сяргей Молнар, імем якога называюць гэтую справу.

Што за «Молнар», што за банда?

«У мінулым ён быў кіроўцам «злодзея ў законе» Біры – Бірукова. Сын Бірукова Павел таксама быў асуджаны ў гэтай справе, атрымаў 6 гадоў за вымагальніцтва, такі вось спадчыннік. Частка людзей са справы былі «смотрящими» ў Бабруйску, нехта дарос да «смотрящего» ў Беларусі – Дэн Бабруйскі, ён жа Дзяніс Макс», – распавядае Віктар Федаровіч.

«Справа Молнара» стала адной з самых рэзанансных у найноўшай гісторыі Беларусі. 30 падсудных, 80 злачынстваў. Некалькі гадоў групоўка ўладарыла ў Бабруйску і трымала ў страху мясцовае насельніцтва. Перагляд справы ў Вярхоўным Судзе паставіў кропку ў гэтай гісторыі, рашэнне канчатковае, і паўторнаму перагляду справа больш не падлягае.

Ігар Кулей, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары