«Справа лекараў»: ці сядуць вінаватыя?


У падвалах чыноўнікаў як у банках і барах – сотні тысяч долараў ды еўра, і сотні літраў дарагога алкаголю. КДБ распавядае, хто з медыкаў краў і паказвае колькі. Больш за 60 чыноўнікаў затрыманыя. Сярод апошніх – галоўны лекар Віцебскай абласной больніцы Анатоль Аладзька. Але дагэтуль на свабодзе застаецца набліжаны да сям’і Лукашэнкаў былы міністр аховы здароўя, а цяпер віцэ-прэмʼер Васіль Жарко.

Чарговае хайпавае відэа ад КДБ: сотні тысяч долараў злачыннага паходжання – у гаражах медыкаў. Паводле КДБ, асноўныя факты злачынстваў – хабары паміж медычнымі ўстановамі і камерцыйнымі структурамі пры дзяржаўных закупах. Ужо больш за 60 чалавек былі затрыманыя, а 22 бізнесоўцы ды чыноўнікі пакуль застаюцца на свабодзе ў выніку «сутнаснага каяння» і кампенсацыі шкоды. Для экспертаў у карупцыі такі вынік – смерць інтрыгі. Сілавікі, як і раней, бʼюць па хвастах.

«Для таго, каб пасадзіць людзей узроўню Жарка, патрэбная асабістая санкцыя Лукашэнкі, і тады гаворка вядзецца пра поўнае перафарматаванне сфераў уплыву. А калі мы кажам пра людзей, якія цяпер затрымліваюцца, то гэта 20-га кола. Гэта людзі прызначаныя, кшталту Жарка. Гэта, хутчэй, сігнал сістэме, чымся спроба змяніць сістэму», – лічыць эканаміст Уладзімір Кавалкін.

Нават з інфармацыі, якая прасочваецца ў СМІ, вынікае прымітыўная карціна – у справе праходзяць блізкія сваякі важных чыноўнікаў ці бізнесоўцаў. Яны ўзначальваюць фірмы і прадпрыемствы пры міністэрствах. Так, як Сяргей Шакуцін – малодшы брат кіраўніка «Амкадору» Аляксандра Шакуціна. Здавалася б, 24 гады змагання з карупцыяй, а складанасць схемы – нулявога ўзроўню.

Не істотна, колькі і якія людзі апынуцца на лаве падсудных ды якая частка інфармацыі з матэрыялаў справы дойдзе да суда. Ужо цяпер можна зрабіць выснову, што гадамі важныя чыноўнікі, набліжаныя да кіраўніка краіны ў прыватнасці, нажываліся на здароўі беларусаў.

Алесь Залеўскі, «Белсат».