Спажывецкія крэдыты беларусаў могуць стаць прычынаю эканамічнай катастрофы


$ 1 млрд. На столькі за год выраслі пазыкі беларусаў перад банкамі. Агульная сума спажывецкіх крэдытаў цяпер перавышае $ 4,5 млрд. Асноўную прычыну імклівага павелічэння адмыслоўцы бачаць у спадзе інфляцыі.

«Не ўсе з гэтым пагаджаюцца, можа быць не ўсе гэта адчуваюць на сваёй кішэні, але факт застаецца фактам, мы цяпер назіраем, асабліва апошні месяц, інфляцыю самую нізкую за ўвесь час існавання незалежнай Беларусі. І натуральная з’ява на гэта – зніжэнне ставак па крэдытах», – канстатуе эканаміст Вадзім Іосуб.

Зніжацца стаўкі па крэдытах пачалі летась у красавіку

Менавіта гэты час стаў бумам спажывецкага крэдытавання пасля дзесяцігадовага спаду. На сітуацыю паўплывалі не толькі больш спрыяльныя ўмовы банкаў, але і чыннік хоць невялікага, але росту заробкаў.

«У насельніцтва ў сярэднім станавілася крыху больш грошай, а гэта дазваляе больш крэдытавацца. І нарэшце, яшчэ адзін важны фактар – адбыліся змены ў самым працэсе крэдытавання. А менавіта – банкі атрымалі права даваць крэдыты без даведак аб заробку», – тлумачыць спадар Іосуб.

Найгоршы сцэнар

Паводле Нацбанку, большая частка пазычаных грошай – крыху больш Br 6 млрд – пазычалася на пакупку нерухомасці. Рэшта – амаль Br 6 млрд – на набыткі ды аплату паслугаў. На фоне паказнікаў прамысловасці павелічэнне заробкаў эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць неабгрунтаваным. А ў спалучэнні з імклівым ростам крэдытаў, эканоміка папросту не здолее забяспечыць адпаведную прапанову тавараў, што выкліча інфляцыю. У такім выпадку вяртаць грамадзянам давядзецца нашмат больш, бо банкі засцераглі сабе плаваючымі стаўкамі ў залежнасці ад курсу долара. Са зменамі вонкавых фактараў можа быць і горш.

«Калі раптам цяпер штосьці здарыцца з эканомікай, то вяртанне крэдытаў завісне. І банкі прагараць… Бо запазычанасць насельніцтва ўва ўсіх краінах, у тым ліку ў Кітаі, ЗША, Беларусі, значна павялічылася. Яна вышэйшая за той узровень, што быў у 2007 годзе, які выклікаў вялікі крызіс у свеце», – даводзіць Злотнікаў.

Пра наступствы ад крэдытавання для эканомікі ды фінансавай сістэмы нашае краіны засцерагае і Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця. Ён прапанаваў Беларусі знізіць крэдытныя рэсурсы. Аднае пакуль афіцыйных заяваў ад Нацыянальнага банку пра гатовасць пайсці на такія захады не прагучала.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum