Спартовы агляд 12.02.2016


Хакей

Нацыянальная хакейная зборная нашай краіны ў эксперыментальным складзе з паразы стартавала на міжнародным турніры, што прымае Славаччына.

У НХЛ чарговы тур прынёс дзве булітныя канцоўкі. «Каламбус» дома вырваў перамогу ў «Анагайму» 4:3. А вось яшчэ адной камандзе, якая таксама выступала на сваім лёдзе, не пашчасціла: у хакейных пенальці ўдача была на баку «Флэймз» 6:5.

Гандбол

Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова зарабляе ў сваю скарбонку чарговыя балы. У межах СЭГА-лігі «мяшкоўцы» ўдала зʼездзілі ў госці да харвацкага клубу «Нэксэ», дзе здабылі вікторыю 31:28.

Тэніс

Француз Жыль Сімон, 15-я ракетка свету, пакідае буйны тэнісны турнір у Галандыі. У другім раўндзе спаборніцтваў яго перагуляў менш дасведчаны апанент, сямідзесяты ў планетарным спісе прадстаўнік Нямеччыны Аляксандр Звераў – 7:5, 3:6, 7:6.

Баскетбол

Мужчынскія «Цмокі» сёння на паркеце «Менск-арэны» хацелі рэабілітавацца перад сваймі заўзятарамі за нявыхад каманды ў плэй-оф Кубка ФІБА. Ужо ў другім, банкаўскім турніры – Адзінай лізе ВТБ, калектыў Грышчука прымаў аўтсайдара табліцы, рыжскі ВЭФ. У выніку «цмокі» крыўдна саступілі з розніцаю ў адзін пункт 74:75.